Пратэст БЧБ-лампасамі: штаны парушаюць грамадска-палітычную абстаноўку
Любоў Сарлай / фота з сацыяльных сетак
Любоў Сарлай — маці дваіх дзяцей двух і шасці гадоў. Яе затрымалі 18 студзеня ў Гродне... за штаны з бел-чырвона-белай палоскай.
Казусная гісторыя папоўніла калекцыю бессэнсоўнай барацьбы сілавікоў з нацыянальнай сімволікай. Як усё адбывалася, Сарлай расказала Еўрарадыё.
"У нядзелю проста выйшла пагуляць. Калі раней у нас нейкія масавыя мерапрыемствы праходзілі, то цяпер ужо людзей няма — ніхто не ходзіць, плошча цэнтральная пустая. Сустрэла знаёмую, ішлі ў бок маёй машыны — і ўсё: са спіны ўжо заходзяць амапаўцы. І кажуць: "Так, дзяўчаты, праходзім-праходзім". Мы адразу спыталі: "За што?" А гэтыя маладыя амапаўцы нам: "А вы дурніц не ўключайце! Дакудахталіся курыцы сваім "Жыве Беларусь!", — расказвае Сарлай.
Жанчын адвезлі ў аддзяленне міліцыі. Ужо там Сарлай і даведалася пра свае "пратэставыя штаны" як прычыну затрымання. На іх там склалі пратакол па артыкуле 23.34 за "парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства".
"У РАУС сам пратакол, які яны на камп'ютары друкавалі, мне не далі: там пра штаны нічога няма, а толькі пра пікетаванне. А вось у тлумачальнай, якую міліцыянер пісаў ад рукі, было запісана: "штаны парушаюць грамадска-палітычную абстаноўку". Я яшчэ прасіла сфатаграфаваць, але мне адмовілі. Я кажу, вы што, сур'ёзна пішаце такое ў афіцыйную паперу? Ён прамаўчаў".
Больш за суткі да суда жанчыны правялі ў ізалятары часовага ўтрымання. 18 студзеня па скайпе адбыўся суд.
"Я гэтыя штаны купіла ў 2014 годзе ў сэканд-хэндзе. Я ім казала, паглядзіце мае фатаграфіі, я і цяжарная ў іх хадзіла: і з адным дзіцем, і з другім. І гэтыя лампасы я сама не нашывала. А мне кажуць: "Гэта ўсё нездарма". Я адказваю, а жанчыну, якую са мной затрымалі? У яе ж не было такіх штаноў! Яна таксама нездарма была, сказалі.
Глядзелі ў судзе запісы з камер. Я была без маскі — было відаць, што я рот нават не адкрываю! Як я магла нешта крычаць? Нічога не даказала".
Суддзя Руслан Гурын прысудзіў абедзвюм жанчынам па 580 рублёў штрафу (20 базавых).
"Буду пакуль што абскарджваць [рашэнне суда. — Еўрарадыё]. Сума адчувальная, вядома. У мяне заробак на пошце меншы. Але будзем неяк круціцца. Хутка выходжу з дэкрэта — не ведаю, як там, на "Белпошце", карта ляжа ў святле апошніх падзей. У нас жа яшчэ і начальнік з сілавых структур".
У сацыяльных сетках Сарлай у яе шмат фатаграфій з нацыянальнай сімволікай і не толькі ва ўжо легендарных штанах. Жанчыну можна ўбачыць са сцягам у руках на масавых акцыях:
"Падтрымліваю пратэсты з самага пачатку. Калі б затрымалі ў жніўні, дзе я на плошчы са сцягам хадзіла, то пытанняў не было. А ў мяне, атрымліваецца, проста такі збег абставін. Крыўдна".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.