Праўда ці не? Правяраем факты, якія Лукашэнка агучыў расійскім СМІ

Праўда ці не? Правяраем факты, якія Лукашэнка агучыў расійскім СМІ

17 лістапада кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка дае традыцыйную прэс-канферэнцыю журналістам расійскіх СМІ. Нагаварыў шмат чаго цікавага і нават, здаецца, неверагоднага. Еўрарадыё праверыла некаторыя агучаныя кіраўніком краіны факты.

 

Ці праўда, што мы плацім за паслугі ЖКГ нашмат менш за расіян?

"Можна чалавеку даць падвойны заробак, але забраць праз пэўныя паслугі. І што чалавек за гэты заробак зможа купіць — пытанне", — разважае Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі. Кіраўнік краіны ў якасці прыкладу прыводзіць кошты на камунальныя паслугі. Па яго словах, кубаметр вады цяпер у Маскве каштуе 53 цэнты, у Смаленску — 36, а ў Мінску — утрая менш за Маскву: усяго 15. Прыкладна такая ж карціна і з коштамі на іншыя паслугі ў сферы ЖКГ.

Правяраем, ці праўду кажа кіраўнік краіны. Зрабіць гэта не так проста, як можа падавацца. Таму што ў Расіі паслугі ў сферы ЖКГ аказвае вялікая колькасць прыватных кампаній, і кошты на той жа кубаметр гарачай вады ў Маскве могуць адрознівацца нават на 30%. Бярэм кошт на халодную ваду ад АТ "Масвадаканал" Ї 33 рублі за кубаметр. Гэта 0,52 долара, сапраўды, амаль як у прамове Лукашэнкі.

Смаленскі "Гарвадаканал" бярэ з жыхароў гэтага расійскага горада па 22 рублі за кожны куб халоднай вады. Гэта 0,34 долара, таксама амаль супадзенне з агучаным Лукашэнкам коштам. Супадае і кошт на халодную ваду ў Мінску. Праўда, ёсць невялікая агаворка. 15 цэнтаў мы плацім толькі за першых 140 літраў. Потым — ужо 35, а гэта прыкладна столькі ж, колькі ў Маскве ды Смаленску.

Правяраем далей. Ацяпленне. За кожную гігакалорыю беларусы плацяць 6,8 долара. Масквічы — 15,6 долара (кошты "Масэнерга"), жыхары Смаленска — ажно 22 (кошты АТ "Квадра"). Атрымліваецца, што ў нас у 2-3 разы танней.

А што з гарачай вадой? Жыхары Мінска плацяць 1,82 долара за кубаметр. У Маскве — 2 долары (кошт "Масэнерга"), у Смаленску — 2,13 (кошт "Смаленскцепласець"). Нашы кошты не нашмат меншыя.

Праўда ці не? Правяраем факты, якія Лукашэнка агучыў расійскім СМІ
Фота president.gov.by

Ці праўда, што расіянкі едуць нараджаць у Беларусь?

"Не для СМІ сказана, сёння ў Віцебск з Падмаскоўя прыязджаюць да нас нараджаць",  кажа Лукашэнка на прэс-канферэнцыі. Правяраем. У Віцебскай абласной радзільні Еўрарадыё расказваюць, што за месяц тут нараджаюць 10-12 расіянак. Для іх гэта каштуе ад 80 да 160 рублёў. У іншай Ї віцебскай гарадской радзільні Ї за 10 месяцаў нарадзілі 114 расіянак.

Сапраўды прыязджаюць і нараджаюць!

 

Ці праўда, што у Маскве няма ніводнага беларускага гастарбайтара?

Нечакана Лукашэнка кажа, што “ў Расіі няма беларускіх гастарбайтараў”. Тыя будаўнікі, якія раней прагнулі працаваць у Маскве, сёння туды не імкнуцца. А калі чалавек і хоча ехаць у Расію, то наймаецца там у даччыныя кампаніі беларускіх прадпрыемстваў, можна працаваць афіцыйна і не баяцца падману.

Першая ж будаўнічая кампанія, куды датэлефанавалася Еўрарадыё, абвяргае кіраўніка дзяржавы:

“У нас прыстойна беларусаў працуе, малады чалавек. На дадзеным аб'екце усяго каля 130 чалавек. Літаральна кожны другі — беларус”, — адказваюць у маскоўскай будаўнічай кампаніі “Технострой”. — І едуць беларусы да нас шчыльнай плынню. Заробак ад 50 тысяч расійскіх рублёў (ад 760 долараў) у месяц”. Кампанія “Технострой” не мае прамога дачынення да беларускіх будаўнічых прадпрыемстваў”.

 

Ці праўда, што 90% беларускіх студэнтаў вучацца за дзяржаўны кошт?

“У вас, у Расіі, які працэнт платнай вышэйшай адукацыі? У нас аграмадны працэнт. У нас 90% навучаецца за кошт бюджэту”,  кажа кіраўнік краіны.

А паводле Белстата, у 2015 годзе ў Беларусі за кошт бюджэту навучалася толькі 40% студэнтаў ВНУ. Астатнія вучацца за свае грошы. На дзённым за бюджэтныя сродкі навучаецца прыкладна 61% студэнтаў.

 

Ці праўда, што любы беларус можа трапіць на экскурсію ў Палац Незалежнасці?

Пра гэта кіраўнік краіны таксама расказаў расійскім журналістам. У Музеі беларускай дзяржаўнасці Еўрарадыё пацвердзілі  групавыя экскурсіі насамрэч водзяць па нядаўна пабудаваным палацы. "Вам трэба падаць свае дадзеныя, запоўніць заяўку і чакаць, пакуль з вамі не звяжуцца. Такія экскурсіі папулярныя. Але я не магу вам сказаць, колькі было за апошні месяц, нядаўна тут працую",  расказвае Еўрарадыё супрацоўніца музея.

 

Праўда ці не? Правяраем факты, якія Лукашэнка агучыў расійскім СМІ
Фота president.gov.by

Ці праўда, што ў Беларусі сярэдні заробак дасягаў 700 долараў?

"Не магу сказаць дакладна, колькі складаў сярэдні заробак у Беларусі ў мінулым месяцы... Недзе каля 400 долараў. Некалі ў доларавым эквіваленце мы былі ў раёне і 600, і 700. Тады інфляцыя была вышэйшай і гэтак далей, і гэтак далей",  — сказаў кіраўнік краіны.

На самой справе, па дадзеных Белстата максімальны сярэдні заробак у Беларусі ніколі не падымаўся вышэй за 629 долараў. Гэта было ў ліпені 2014 года. А сёння маем 377 долараў.

 

Ці праўда, што нам прадказваюць рост ВУП?​
"У наступным годзе міжнародныя арганізацыі рэйтынгавыя прадказваюць вам (Расіі) дзесьці 0,7% росту ўнутранага валавага прадукту, а нам ― дзесьці 1-1,5%", ― заяўляе Лукашэнка.
Глядзім прагноз Міжнароднага валютнага фонду на наступны год. Беларусі эксперты фонду прадказваюць не рост, а падзенне ўнутранага валавага прадукту на 0,5%. Агенцтва Moody’s прагназуе нам рост на 0,4%, Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця ― на 1%, ЕАБР ― рост на 0,6%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі