Праваабаронцы: мігранты ў Брузгах прайшлі праз збіццё, голад, сексуальны гвалт
Мігранты ў часовым лагеры ў Брузгах прайшлі праз голад, збіццё і нават сексуальны гвалт. Адпаведныя факты прыводзяцца ў справаздачы міжнароднай праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch, апублікаванай 8 чэрвеня.
Гэтая справаздача ахоплівае падзеі з канца лістапада 2021-га да апошняга часу. Імёны інфарматараў з ліку мігрантаў праваабаронцы змянілі. Свае высновы HRW накіравала польскім і беларускім уладам, папрасіўшы каментары, але не атрымала адказу.
Пра жорсткае абыходжанне і гвалт у Брузгах праваабаронцам расказалі ўсе тры іх суразмоўцы, якія былі ў лагеры для мігрантаў. Лагер, у якім у найбольш напружаны час пражывалі каля 4 тысяч чалавек, быў зачынены 22 сакавіка 2022-га.
23-гадовы курд з Ірака "Рамза" быў у Брузгах з 18 лістапада па 18 сакавіка. Па яго словах, людзі спалі на драўляных паддонах, у будынку не было ацяплення і электрычнасці, а таксама не было ежы і лекаў. Адзін раз у дзень ім давалі паёк, які складаўся з печыва. "Усю астатнюю ежу даводзілася купляць па цане ў тры разы вышэй рынкавай. Яшчэ нам даводзілася плаціць 20 долараў за зарадку тэлефонаў і 40 долараў за зарадку акумулятараў. Калі ў цябе не было грошай, ты не мог там выжыць", — кажа ён.
Душ для мігрантаў ладзілі ў вялімі намёце адзін раз на тыдзень. Па суботах мыліся жанчыны, па нядзелях — мужчыны. "Яны падзялілі нас на групы па 40 чалавек, і ў кожнага было 10 хвілін, каб памыцца, і калі б не паспеў, паліцыя б цябе збіла", — кажа іншы мігрант "Азвер", які з сям'ёй прабыў у Брузгах чатыры месяцы.
"Рамза" расказаў, што бачыў, як беларускія сілавікі ў жаночы дзень зайшлі ў намёт, дзе мыліся голыя жанчыны і дзяўчаты. Таксама ён бачыў, як адзін з сілавікоў чапляўся да мігранткі, якая аддала сваю куртку дзіцяці і прасіла даць ёй яшчэ адну: памежнік прапанаваў ёй абняць яе, каб яна сагрэлася.
Пра выпадкі сексуальнага гвалту расказала польская праваабаронца Аляксандра Хшаноўская з "Таварыства прававога ўмяшання" і групы "Мяжа", якая ад жніўня 2021-га дапамагае абараняць правы нелегальных мігрантаў у Польшчы. Пра здарэнне ёй расказала 35-гадовая жанчына з Ірака, якая была ў Брузгах.
Жанчына паведаміла, што памежнікі некаторых людзей трымалі не на складзе, а ў падвалах, кацельнях на тэрыторыі лагістычнага цэнтра і найбліжэйшых вайсковых аб'ектах. У адзін з такіх падвалаў забралі яе з 16-гадовай дачкой. Два памежнікі пачалі прыставаць да дзяўчыны, і маці ўпрасіла іх, каб яны ўзялі яе замест дачкі. Па словах Хшаноўскай, не менш як два сілавікі згвалтавалі жанчыну вагінальна і анальна на вачах у дачкі.
Таксама мігранты расказалі, што беларускія памежнікі білі іх, прымушалі пераходзіць польскую або літоўскую мяжу, вымагалі грошы за дазвол вярнуцца ў Менск, нацкоўвалі сабак.
Мігрант "Абдула" з трыма спадарожнікамі на пачатку сакавіка не змог перайсці польскую мяжу — іх выштурхнулі назад у Беларусь. Тады беларускія памежнікі ("Абдула" лічыць, што яны былі п'яныя) прывезлі іх на мяжу з Літвой, загналі па калена ў раку ў халоднае надвор'е і прымушалі стаяць каля гадзіны. Потым ім загадалі адпраўляцца на літоўскі бераг, пагражаючы расстрэлам.
"Мой сябар патануў у рацэ, бо не ўмеў плаваць. Іншага знесла плынню ўніз па рацэ, ён знік, а двое з нас змаглі пераправіцца, але пазней літоўскія памежнікі адціснулі нас назад у Беларусь", — кажа мігрант.
Шмат у справаздачы гаворыцца і пра парушэнні правоў чалавека з боку польскіх памежнікаў. Мігранты расказвалі, як польскія памежнікі выштурхоўвалі іх назад у Беларусь. Мігранты ясна давалі зразумець, што просяць прытулак і міжнародную абарону, сярод іх былі жанчыны і дзеці, хворыя і параненыя, аднак польскіх памежнікаў гэта пераважна не цікавіла.
43-гадовы гей з Ірана "Малід" расказаў, што беларускія памежнікі ўзялі з іх грошы, адвезлі да польскай мяжы і прымусілі перайсці яе. Польскія памежнікі злавілі мігрантаў за пару кіламетраў ад мяжы. "Яны знішчылі нашы тэлефоны і забралі маю банкаўскую карту... Я папрасіў іх праявіць да нас павагу, і за гэта мяне штурхалі, білі, ужывалі электрашок і пярцовы балончык... Яны пыталіся нас, ці просім мы прытулку ў Польшчы. Я сказаў ім, што калі яны дазволяць мне падаць заяву, я гэта зраблю, і папрасіў выклікаць майго адваката ў Варшаве. Я казаў ім, што я ЛГБТ-бежанец. Але яны адмовіліся прыняць маё прашэнне. Ім было ўсё роўна", — распавядае мігрант.
"Малід" кажа, што яго са спадарожнікамі прывезлі на памежны пункт, сфатаграфавалі, знялі адбіткі пальцаў. Іх прымушалі падпісаць дакумент пра забарону ўезду ў Шэнгенскую зону на тры гады. Калі мужчына адмовіўся падпісваць, яго збілі. Потым іх адвезлі да беларускага плота на мяжы.
Пра такія ж адносіны польскіх памежнікаў казалі іншыя мігранты. Самі памежнікі заявілі праваабаронцам з HRW, што мігрантам проста прапануюць вярнуцца ў Беларусь, без пагроз і прымусу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.