Праваабаронцы занепакоеныя ціскам на палітвязня Мікалая Статкевіча
Яны патрабуюць адмяніць незаконныя дысцыплінарныя спагнанні, атрыманыя на працягу апошніх двух месяцаў.
Праваабаронцы з Цэнтра прававой трансфармацыі Lawtrend і назарэгістраванага цэнтра "Вясна" занепакоеныя тым, што на палітвязня Мікалая Статкевіча ўзмацніўся адміністрацыйны ціск. Яны накіравалі заяву ў Дэпартамент выканання пакаранняў і ў Адміністрацыю папраўчай калоніі №17.
Праваабаронцы адзначаюць, што Статкевіч пазбаўлены чарговай харчовай перадачы, яму забаронена кароткачасовае і доўгае спатканне са сваякамі. Палітвязня на трое сутак пасадзілі ў штрафны ізалятар, а 3 красавіка — на два месяцы ў памяшканне камернага тыпу. Як адзначаецца ў заяве парваабаронцаў, спагнанні па надуманых прычынах і акты аб парушэнні дысцыпліны ствараюць падставы, пры якіх умовы ўтрымання Статкевіча могуць быць значна пагоршаныя. Праваабаронцы лічаць, што такім чынам адміністрацыя калоніі прымушае палітвязня пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.
Таму праваабаронцы патрабуюць спыніць адміністрацыйны ціск на Статкевіча і адмяніць незаконныя дысцыплінарныя спагнанні, накладзеныя на яго за апошнія два месяцы, і ануляваць акты аб парушэнні дысцыпліны. Таксама ў заяве патрабуецца дапусціць прадстаўнікоў міжурадавых арганізацый (прадстаўніцтва Еўрасаюза, Прадстаўніцтва ААН у Беларусі) і дыпламатычных місій Еўрасаюза ў папраўчую калонію №17 для праверкі ўмоў утрымання Мікалая Статкевіча.
Фота — AFP