Праваабаронцы звярнуліся да Уладзіміра Пуціна з прычыны катаванняў у турмах
Расійская турма, ілюстрацыйнае фота / ТАСС
Заснавальнік праваабарончай арганізацыі Gulagu.net Уладзімір Асечкін апублікаваў адкрыты ліст на адрас прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з заклікам зрабіць больш жорсткім пакаранне за катаванні і пакараць вінаватых.
"У Расіі нядобрасумленныя сілавікі, прыкрываючыся ўладай і пагонамі, б'юць, катуюць і гвалцяць суграмадзян, якія знаходзяцца ў загадзя бездапаможным стане і становішчы. Пацярпелых потым могуць яшчэ тыдні трымаць на вязках, калоць псіхатропнымі прэпаратамі з мэтай задушэння волі, у іх няма магчымасці фіксаваць сляды збіцця і катаванняў і звяртацца тэрмінова ў МУС/СК", — сказана ў лісце.
Асечкін прапануе караць арганізатараў "катавальных канвеераў" рэальным тэрмінам пазбаўлення волі аж да пажыццёвага. Таксама Gulagu.net выступае за правядзенне амністыі для ўсіх пацярпелых ад катаванняў у турмах.
Як паведамляла Еўрарадыё, відэаархіў катаванняў і гвалту ў расійскіх турмах здабыў беларускі айцішнік Сяргей Савельеў. Шакавальныя відэа пачаў публікаваць сайт Gulagu.net. Праваабаронцы сцвярджалі, што катаванні зняволеных адбываліся з падачы турэмнай адміністрацыі. Па фактах здзекаў над вязнямі, гвалтоўных дзеянняў у Расіі распачалі крымінальныя справы, пачаліся адстаўкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.