Праз Беларусь праехала больш за 5 тысяч футбольных фанатаў

Праз Беларусь праехала больш за 5 тысяч футбольных фанатаў

З 14 чэрвеня ў Расіі пачаўся чэмпіянат свету па футболе. Прадстаўніца расійскага Міністэрства замежных спраў Марыя Захарава заявіла, што да іх прыехала на чэмпіянат свету два мільёны фанатаў.

Для футбольных фанатаў у Беларусі, якія маюць Fan-ID, дзейнічае бязвізавы рэжым з 4 чэрвеня па 25 ліпеня. Еўрарадыё даведалася, колькі заўзятараў прыехала праз Беларусь.

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Антон Бычкоўскі распавёў Еўрарадыё, што за ўвесь перыяд бязвізавага ўезду для фанатаў, у Беларусь прыбыло больш за пяць тысяч чалавек:

"На канец 17 чэрвеня на тэрыторыю Беларусі прыбыў 5271 заўзятар. Усе яны ідуць транзітам праз нашу краіну. Самым загружаным апынуўся Нацыянальны аэрапорт Мінск. Праз яго прайшлі 3433 чалавекі".

А вось сярод арганізаваных груп больш папулярны чыгуначны транспарт. Так, за выходныя 16-17 чэрвеня былі прапушчаныя 22 арганізаваныя групы фанатаў, большасць з іх прыбылі на цягніках.

Фанатам, якія ляцяць у Маскву трансферам праз Мінск, даводзіцца праходзіць беларускі памежны кантроль. З-за гэтага з'яўляюцца чэргі, дзе людзям даводзіцца стаяць больш за гадзіну, каб патрапіць на патрэбны ім самалёт. Але ў дзяржаўным памежным камітэце не бачаць у гэтым праблемы:

"Паміж Мінскам і Масквой няма памежнага кантролю. Прамога трансферу як бы і няма. Таму фанаты ўсе накіроўваюцца на памежны кантроль. Вядома, пры прыбыцці рэйсаў нейкія чэргі ля кабін пашпартнага кантролю назіраюцца, але мы са свайго боку прымаем усе меры, каб павысіць хуткасць праходжання пагранічнага кантролю", — патлумачыў Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік Дзяржпамежкамітэта Антон Бычкоўскі.

На памежным кантролі ў аэрапорце ёсць кабінкі пазначаныя "для грамадзян саюзнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь і Расіі". Аднак гэтае “абмежаванне” не працуе, у чэргах да гэтых кабінак стаяць усе. Таму грамадзянам Беларусі даводзіцца стаяць разам з усімі ў чарзе. Паўстае пытанне, а чаму нельга зрабіць асобныя прапускныя кабінкі для беларусаў? Гэта распаўсюджаная практыка, калі свае грамадзяне маюць прыярытэт і асобныя кабінкі, напрыклад, на памежным кантролі Еўрасаюза.

Аднак у Дзяржпамежкамітэце лічаць, што цяперашняя схема праходжання памежнага кантролю для беларусаў аптымальная:

"Я не гатовы адказаць на гэтае пытанне. Мэтазгоднасць гэтага — таксама асобнае пытанне. З пункту гледжання існуючых тэхналагічных схем памежнага кантролю, на наш погляд, усё досыць аптымальна".

Пры гэтым шмат хто байкатуе гэты чэмпіянат свету па футболе па палітычных прычынах. На адкрыццё не прыехаў ні адзін з кіраўнікоў краін Еўрасаюза. Некалькі дзясяткаў дэпутатаў Еўрапарламента падпісалі ліст да кіраўнікоў Еўрасаюза з заклікам да байкоту. Прычынай для гэтага сталі агрэсіўныя дзеянні Расіі ва Украіне і Сірыі, атручэнне Сяргея Скрыпаля і яго дачкі ў Вялікабрытаніі і дэзынфармацыйныя кампаніі Масквы.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі