Праз "крыміналку" на маршрутчыкаў жыхары Слаўгарада не могуць даехаць у Магілёў
Маршрутка
Жыхары Слаўгарада з цяжкасцю дабіраюцца да Магілёва пасля таго, як сілавікі спынілі дзейнасць буйнога перавозчыка "Атлас". Праблему паездак у абласны цэнтр закранула нават дзяржаўная раённая газета "Прысожскі край".
У каментары для выдання намеснік начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва жыллёва-камунальнай гаспадаркі Слаўгарадскага раёна Аляксандр Краснабаеў заявіў, што гэта звязана з "удасканаленнем працы" аўтаперавозчыка і робіцца для бяспекі пасажыраў і абароны іх правоў. Чыноўнік спаслаўся нараду, якая прайшла ў Аляксандра Лукашэнкі.
"Відавочна, што ў гэты перыяд, калі ценявая частка пераходзіць на бок святла, рынак пасажыраперавозак крыху штарміць. Але ўсё гэта часова", — супакойвае чытачоў газета.
Пра крымінальную справу супраць кампаніі "Атлас" (не называючы яе) паведамілі ў сярэдзіне лістапада на БТ. Кіраўніцтва кампаніі абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў, нядобрасумленнай барацьбе з канкурэнтамі. У якасці абвінавачаных і падазраваных па справе прыцягнутыя каля 20 чалавек.
Дарэчы, у Маладзечне сілавікі 1 снежня спынілі працу дзвюх службаў таксовак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.