"Праз працу погляды мяняць не буду": у Гродне звольнілі дзяўчыну з БЧБ-штанамі
Любоў Сарлай з працоўнай каля гродзенскага філіяла РУП "Белпошта" / instagram.com/lubashasarlai
Гарадзенку, якую зімой затрымалі і аштрафавалі за бел-чырвона-белую палоску на штанах, звольнілі па артыкуле. Афіцыйная прычына — прагул 25 сакавіка, у Дзень Волі.
У Гродзенскім філіяле РУП "Белпошта" дзяўчына прапрацавала больш за 10 гадоў. Яна кажа, што яшчэ ў жніўні дырэктар папярэджваў калектыў: "Крый божа кагосьці я ўбачу на мітынгу, будзе адразу ж звальненне".
— Не магу сказаць, звольнілі тады каго-небудзь або не. Але такая размова была ў жніўні, калі прадпрыемствы баставалі. А пасля майго затрымання пайшлі такія вось падкопы маленькія: я папрасіла адпачынак за свой кошт на 25 сакавіка. Папярэдзіла пра гэта яшчэ выходзячы з дэкрэта. Мне сказалі: "Так, увогуле без пытанняў, калі ласка, хоць на тыдзень". Але бліжэй да 25 сакавіка, калі я напісала заяву за свой кошт, мне яе не падпісалі.
25 сакавіка дзяўчына не выйшла на працу. У абед да яе дадому прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Яны завезлі яе ў Кастрычніцкі РАУС, дзе пратрымалі да вечара без тлумачэння прычын.
— Вось і атрымаўся такі прагул. Самае цікавае, што мяне не выклікалі, ніякай справы, нічога не завялі. Ніякіх папярэджанняў і вымоў.
9 красавіка дзяўчыне заплацілі першую зарплату пасля дэкрэтнага адпачынку — 280 рублёў. "Да гэтага далі аванс 140 рублёў. Пасля ўсяго гэтага я сказала, што буду шукаць іншую працу. А ўжо пасля ўсяго гэтага мяне звольнілі па артыкуле".
Загад аб звальненні датуецца 19 красавіка — ад даты прагулу прайшоў амаль месяц. З 22 красавіка Любоў Сарлай больш не працуе ў "Белпошце".
— Я напісала ў заяве: "Прашу звольніць па пагадненні бакоў". Дырэктар напісаў: "Па пагадненні бакоў адмовіць". Звольніў канкрэтна па артыкуле за прагул, — працягвае дзяўчына. — Я прыйшла на гэту працу адразу пасля вучылішча. Не было ні заўваг, ні скаргаў. Наколькі я ведаю, за ўвесь час, што я працую, нікога па артыкуле не звальнялі. Але цяпер я нават была не здзіўленая. Проста было непрыемна, што за столькі гадоў працы мяне ўзялі і вось з такой працоўнай адправілі "ў людзі".
Цяпер дзяўчына шукае працу. Дыплом ВНУ па спецыяльнасці "Педагог-псіхолаг" не моцна дапамагае — "там таксама такія мізэрныя заробкі, што я шукаю што-небудзь цікавейшае".
— Я ездзіла ў цэнтр занятасці нават. Але нічога, на жаль, не знайшла прыдатнага. Я разглядаю ў тым ліку і дзяржаўную працу, хоць, калі я сыходзіла, мне сказалі, што "фіг ты там знойдзеш штосьці нармальнае, на дзяржаўнай табе тым больш дзверы будуць зачыненыя".
— Але на дзяржаўных прадпрыемствах сапраўды можа быць складана з вашымі поглядамі.
— Ну калі будзе складана, то нафіг такую працу. Знойдзецца іншая. Праз працу погляды мяняць я не буду. Вось якія яны ў мяне ёсць, такія ёсць. Хоць зразумелая рэч, што на працы я ўставаць не буду, на стол залазіць, крычаць і сцягам махаць. Я свае погляды нікому не навязвала і не навязваю.
— А як да вашай сітуацыі паставіліся вашы калегі?
— Калегі, вядома, "за", але ўсе маўчаць. Вось так вось дзіўна: усе скардзяцца, але ўсе маўчаць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.