Праз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне навялі пантонны мост
У Жыткавіцкім раёне каля вёскі Боркі праз Прыпяць узведзены пантонны мост даўжынёй 170 метраў, паведамляе прэс-служба МНС. Над яго ўзвядзеннем працавалі работнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і спецыялісты Міністэрства абароны.
Па пантонным мосце можа праехаць аўтамабільны транспарт масай да 3,5 тон і прайсці пешаходы. Насельніцтва бліжэйшых раёнаў паведамілі пра наведзеную пераправу з дапамогай FM-перахопу і SMS-абвестак. На берагах Прыпяці работнікі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа абсталявалі пункты абагрэву людзей з выдачай гарачага пітва.
Дарэчы, паромныя пераправы каля Петрыкава і вёскі Снядзін Петрыкаўскага раёна часова не дзейнічаюць.
Праезд вялікагрузных транспартных сродкаў арганізаваны па двух маршрутах: Жыткавічы (М-10) — Калінкавічы (Р-131) — Мазыр (Р-36) — Лельчыцы (Р-128) — Тураў, а таксама Жыткавічы (М-10) — Пінск (Р-6) — Столін (Р-88) — Давыд-Гарадок — Тураў.