Прэм'ер-міністр Арменіі Саргсян падаў у адстаўку
Прэм'ер-міністр Арменіі Серж Саргсян падаў у адстаўку. Заява пра гэта з'явілася на сайце армянскага ўрада.
У сваёй заяве Саргсян прызнае слушнасць пазіцыі лідара апазіцы Нікола Пашыняна. "Гэтая сітуацыя мае некалькі рашэнняў, але ні на адно з іх я не пайду. Гэта не маё. Я пакідаю пасаду кіраўніка прэм'ер-міністра Арменіі", — заявіў Саргсян.
Ён прызнаў, што вуліца выказалася супраць яго кабінета. "Я выконваю вашае патрабаванне", — гаворыцца ў заяве.
Вулічныя пратэсты супраць Саргсяна цягнуцца з 13 красавіка. Ён прабыў 10 гадоў на пасадзе прэзідэнта Арменіі. Цяпер большая частка ўладных паўнамоцтваў перайшла да прэм'ер-міністра краіны, і Саргсян стаў кіраўніком урада. Гэта выклікала абурэнне апазіцыі.