Прэм'ер — пра адменены мітынг Лукашэнкі: людзі "самі арандавалі аўтобусы"

Прэм'ер — пра адменены мітынг Лукашэнкі: людзі "самі арандавалі аўтобусы"

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка вымушаны тлумачыць, чаму ўлады вырашылі не збіраць сваіх прыхільнікаў у сталіцы. Планавалася 25 кастрычніка сабраць вялізны мітынг — да 300 тысяч. Дзеля гэтага традыцыйна пачалі рыхтаваць адпраўку "дэлегацый" з рэгіёнаў. Аднак у пятніцу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што вырашыў мітынг не праводзіць. У тым ліку і з-за сітуацыі з распаўсюдам каранавіруса.

Больш падрабязна пра падрыхтоўку акцыі і яе адмену БЕЛТА расказаў Галоўчанка. Паводле яго слоў, спачатку планавалася сабраць 50 тысяч чалавек. Але іх колькасць "вырасла да 100 тысяч". А далей, кажа прэм'ер, "пачалося лавінападобнае павелічэнне колькасці жадаючых". Людзі "самі арандавалі аўтобусы"! І ўжо чакалася да 250 тысяч удзельнікаў. Але ўзнікла праблема з іх дастаўкай з рэгіёнаў у сталіцу — патрэбны былі тысячы аўтобусаў. Але іх адначасовы прыезд у Мінск выклікаў бы "поўны транспартны калапс".

Раман Галоўчанка прагназуе, што 300 тысяч чалавек занялі б тэрыторыю ад плошчы Перамогі да плошчы Незалежнасці. І ўзнікла б яшчэ адна праблема — бяспека. Прэм'ер чамусьці думае, што нейкія "радыкалы" маглі б арганізаваць паніку сярод удзельнікаў праўладнай акцыі.

"Таму было прынята рашэнне папрасіць людзей застацца дома, — кажа Галоўчанка. — Таксама гэта звязана і сітуацыяй з COVID-19. Людзей трэба паберагчы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі