Прэзідэнт Літвы: афіцыйнай інфармацыі Беларусі пра каранавірус давяраць нельга
Афіцыйнай інфармацыі беларускіх уладаў пра каранавірус давяраць нельга, бо сітуацыя значна горшая. З такой заявай перад журналістамі выступіў у сераду прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.
"Мы не можам давяраць гэтай інфармацыі, якую атрымліваем афіцыйна з Беларусі, паколькі я лічу, што беларускі кіраўнік ацэньвае сітуацыю з пэўнай бравадай", — цытуе "Литовский курьер" словы Наўседы.
Літоўскі прэзідэнт мяркуе, што сапраўдная статыстыка каранавіруса ў Беларусі горшая за афіцыйную. "Мы ведаем пра пэўныя ачагі на беларускай тэрыторыі і выпадкі смерці, якія фіксуюцца", — заявіў ён.
Выступаючы напярэдадні ў сейме, міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус паведаміў, што разглядаецца магчымасць адмяніць тыя рэйсы з Мінска ў Вільню, якія яшчэ засталіся. Гэта датычыць рэгулярных рэйсаў авіякампаніі "Белавія".
У сваім выступе Наўседа падтрымаў кіраўніка літоўскай дыпламатыі. Ён лічыць, што з краінай, якая не кантралюе сітуацыю ва ўмовах рызыкі, варта абмежаваць кантакты.
Беларусь засталася адзінай краінай у рэгіёне, якая не зачыніла свае межы на час пандэміі каранавіруса. Таксама ў краіне працягваецца футбольны чэмпіянат, ідзе падрыхтоўка да масавых акцыяў — вайсковага параду на Дзень Перамогі, летніх фэстаў кшталту "Славянскага базару".
Нягледзячы на тое, што ў краіне з'явіўся афіцыйна першы памерлы з каранавірусам, беларускія ўлады заяўляюць, што падставаў для хвалявання няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.