Прэзідэнтка Еўрапарламента стала сімвалічнай хроснай беларускай палітзняволенай
Раберта Метсола і Святлана Ціханоўская
Прэзідэнтка Еўрапарламента Раберта Метсола стала сімвалічнай хроснай беларускай палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк. Некалькі дзён таму Метсола наведала Офіс Святланы Ціханоўскай у Вільні. Падчас сустрэчы яна і паабяцала стаць сімвалічнай хроснай для аднаго з беларускіх палітвязняў. А 15 студзеня прэзідэнтка Еўрапарламента абвясціла, што стала хроснай Паліны Шарэнда-Панасюк.
"Сённяшняе рашэнне Раберты — яшчэ адзін доказ таго, што мы не адныя ў сваёй барацьбе, — кажа Ціханоўская. — Калі нехта з міжнародных партнёраў становіцца хросным хаця б для аднаго з нашых герояў, я адчуваю цеплыню ў сэрцы. Бо разумею: гэта яшчэ адзін гучны голас, які нагадвае ўсяму свету пра нашых герояў. Думаю, нашых палітвязняў страшыць адчуванне таго, што пра іх усе забылі. Нашая задача — кожным дзеяннем нагадваць ім пра тое, што мы памятаем і дамагаемся іх вызвалення".
Паліна Шарэнда-Панасюк — грамадская актывістка з Брэста, яе затрымалі ў студзені 2021 года, абвінавацілі паводле трох артыкулаў КК (за нібыта "гвалт і абразу" міліцыянераў, а таксама за "абразу Лукашэнкі") і прысудзілі да 2 гадоў пазбаўлення волі. Вясной 2022 года яе судзілі зноў — гэтым разам за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы". Дадалі яшчэ адзін год зняволення. Потым судзілі паводле гэтага ж артыкула паўторна і дадалі яшчэ год зняволення. Тады Паліна ў знак пратэсту супраць катаванняў у калоніі адмовілася ад беларускага грамадзянства.
Палітзняволеная трымаецца мужна. Рада БНР узнагародзіла Паліну Шарэнда-Панасюк медалём Ордэну Пагоні.
I am grateful that our dear friend @RobertaMetsola has become a godparent to political prisoner Palina Sharenda-Panasyuk. She is in a life-threatening condition & urgently needs help. It's heartening to see one of Europe's most influential politicians standing as her guardian. pic.twitter.com/Q3XWBaAeXY
— Sviatlana Tsikhanouskaya (@Tsihanouskaya) January 15, 2024
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.