Проста з'едуць з краіны. Што адбываецца з ІП пасля новага ўказа Лукашэнкі
Што будзе з ІП?
Лукашэнка падпісаў чарговы ўказ, які абмяжоўвае працу індывідуальных прадпрымальнікаў. Да 1 ліпеня 2024 года будуць акрэсленыя віды дзейнасці ІП, якім за наступныя паўтара года давядзецца альбо стаць юрыдычнай асобай, альбо закрыцца.
А з 1 кастрычніка гэтага года новых індывідуальных прадпрымальнікаў, занятых дзейнасцю з пашыранага пераліку, перастануць рэгістраваць.
Еўрарадыё пацікавілася ў дзяржорганаў, як яны бачаць развіццё ІП у краіне. А заадно даведалася ў экспертаў, якімі наступствамі новаўвядзенні пагражаюць іпэшнікам і эканоміцы.
“Пакуль закрывацца не давядзецца”
Пад выглядам занепакоенага іпэшніка журналіст Еўрарадыё патэлефанаваў у адно з аб'яднанняў беларускіх прадпрымальнікаў. Там нам расказалі, што турбавацца няма пра што. Працэс перарэгістрацыі зойме "літаральна адзін дзень".
— Закон сапраўды падпісаны, але закрывацца вам не давядзецца! Спачатку будуць акрэсленыя віды дзейнасці, па якіх ІП не змогуць працаваць. Калі вы трапіце пад гэты спіс — у вас будзе час вызначыцца да 1 студзеня 2026 года. І калі вы захочаце, то па вельмі простым механізме зможаце пераўтварыцца з ІП у юрыдычную асобу. Калі будзе рашэнне — тады тэлефануйце нам, будзем разбірацца. А сама перарэгістрацыя вельмі простая.
У Міністэрстве па падатках і зборах Беларусі таксама паведамілі, што працэс перарэгістрацыі не мусіць выклікаць вялікіх складанасцяў.
А наогул, вядома, цяпер ІП займацца не так выгадна, як 4-5 гадоў таму.
Калі казаць пра ўздзеянне новага закона на эканоміку, то тут, лічыць эканамістка, занадта вялікіх зрухаў адбыцца не мусіць.
— ІП ніколі не складалі вялікай долі ў сектары вытворчасці. Аднак гэта заўсёды была магчымасць вырасці ў больш складаны бізнес. Цяпер такая магчымасць стане абмежаванай.
У цэлым такая палітыка ўладаў, на думку Лузгіной, зразумелая. ІП папросту цяжэй кантраляваць, чым юрыдычныя асобы:
— Змагаючыся з ІП, беларуская эканоміка страчвае адзін з элементаў магчымага эканамічнага развіцця, прадпрымальніцтва, развіцця рынкавых пачаткаў.
Уласна, Лукашэнка днямі пацвердзіў словы эксперткі:
— Гэта не значыць, што мы ўсіх загонім у стойла. Але мусіць быць парадак. А то ў нас усе сталі іпэшнікамі, і працаваць няма каму.
А іпэшнікі, вядома, не працуюць…
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.