Патанаюць у стратах. "Нафтавыя" Наваполацк і Мазырскі раён сыходзяць у мінус
Наваполацк і Мазырскі раён — самыя стратныя рэгіёны
Мазырскі раён і горад Наваполацк сталі самымі стратнымі рэгіёнамі Беларусі ў студзені-лютым 2024 года. Страты першага за гэты перыяд склалі 78 млн рублёў, а другога — цэлых 192 млн.
І гэта вельмі дзіўна, бо менавіта там, у Мазыры і ў Наваполацку, працуюць два беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. Еўрарадыё даведалася ў эканаміста, з чым звязаныя страты і ці можа сітуацыя выправіцца цягам года.
Страты, страты і яшчэ раз страты
Пачынаючы з 2022-га прыбытак, які атрымлівалі ў Наваполацку ў пачатку года, няўхільна каціўся ўніз: у 2022-м за студзень-люты там здолелі зарабіць крыху больш за 5 млн рублёў, у 2023-м — "праселі" на 37 млн, а сёлета скаціліся ажно да -192 млн.
У Мазырскім раёне сітуацыя падобная. У пачатку 2022 і 2023 гадоў ён выходзіў у нязначны плюс, а за студзень-люты 2024 года паказаў раптоўныя 79 млн страт.
Нягледзячы на вялікія страты на адрэзку студзень-люты апошніх гадоў, у цэлым за год гэтым рэгіёнам удаецца выходзіць у плюс. У Наваполацку сітуацыя стабільная: 26 млн рублёў прыбытку ў 2021 годзе і па 52 млн — у 2022 і 2023 гадах. А вось у Мазырскім раёне паказчыкі ліхаманіць: 301 млн прыбытку ў 2021-м, 418 млн страт у 2022 годзе, а ў 2023-м — каласальны рост: аж да 596 млн рублёў прыбытку.
Страта ўкраінскага рынку і санкцыі
Кіраўнік праекта "Кошт урада", эканаміст Уладзімір Кавалкін звязвае страты "нафтавых" рэгіёнаў менавіта з нафтаперапрацоўчымі заводамі, якія знаходзяцца на іх тэрыторыі. Бо пасля расійскага ўварвання ва Украіну яны страцілі некалькі буйных рынкаў збыту.
— Страты можна стварыць — як аб'ектыўна, так і штучна. Другое, гэта калі грошы забіраюць на якія-небудзь патрэбы бюджэту. З аб'ектыўных прычын, гэта страта прэміяльнага ўкраінскага рынку, куды ішло вельмі шмат нафтапрадуктаў. Па сутнасці, гандляваць на ім стала немагчыма. А беларускі і расійскі рынкі не з'яўляюцца высокапрыбытковымі.
На страту рынкаў накладваюцца санкцыі.
— Напрыклад, Літва забараніла правоз беларускай прадукцыі праз порт у Клайпедзе. Цяпер нафтапрадукты даводзіцца экспартаваць праз Расію. У цэлым сітуацыя выглядае наступным чынам: цэны ўпалі, выдаткі выраслі — у выніку атрымаліся страты.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.