Прыпынілі крымінальную справу супраць некаторых удзельнікаў ток-шоу "Белсата"
Адзін з выпускаў ток-шоу "План:Б"
Рэжым Лукашэнкі 5 верасня прыпыніў крымінальную справу супраць некаторых удзельнікаў праграмы "План:Б", якая выходзіла на тэлеканале "Белсат". Пра гэта супрацоўнікі каналу даведаліся ад уласных крыніц.
Сцвярджаецца, што такое рашэнне было прынятае ў сувязі з тым, што не ўдалося выявіць месца знаходжання фігурантаў. Не далі плёну ні ператрусы ў месцы іхнай прапіскі і ў сваякоў, ні абвяшчэнне іх у вышук.
Еўрарадыё паведамляла, што 5 чэрвеня гомельскі райаддзел Следчага камітэту пачаў крымінальную справу на вядоўцаў і ўдзельнікаў ток-шоу "План:Б". Ім інкрымінуюць "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 2 арт. 361-4 КК). За гэта пагражае да чатырох гадоў абмежавання волі ці ад двух да шасці гадоў пазбаўлення волі. Фігурантамі справы сталі больш за два дзясяткі чалавек.
Ток-шоу "План:Б" выходзіла на "Белсаце" ад пачатку 2022 года. Ці з'явіцца яно ў новым тэлесезоне ў гэтую восень, пакуль невядома.
Дарэчы, першы суд за ўдзел у праграме "План:Б" ужо прайшоў завочна. Гэта быў адзін з эпізодаў у справе блогеркі Вольгі Павук. Агулам ў справе было 12 эпізодаў, Вольгу завочна асудзілі на восем гадоў пазбаўлення волі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.