Прыпыніў дзейнасць Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў
Пётр Рудкоўскі / Еўрарадыё
Прыпыніў дзейнасць Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS). Пра гэта паведаміў яго кіраўнік Пётр Рудкоўскі.
Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў быў заснаваны навукоўцамі і грамадскімі дзеячамі ў 2007 годзе. Яго першым дырэктарам быў Віталь Сіліцкі. Пасля яго смерці ў 2011-м BISS працягваў функцыянаваць, меў фінансаванне, але "пачалі ўзнікаць канцэпцыйныя і персанальныя спрэчкі".
Пётр Рудкоўскі пагадзіўся стаць "дырэктарам-валанцёрам" вясной 2018-га. На той час Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў "апынуўся ў глыбокім фінансавым і арганізацыйным крызісе", дзейнасць спынілася. Паступова "BISS станавіўся прывабным месцам для маладых і амбітных людзей". Па стане на лета 2020 года "было ўжо шмат перадпасылак для таго, каб трансфармавацца ў паўнаспраўную інстытуцыю", піша Рудкоўскі.
Аднак у наступныя гады ўзнікла праблема з адным з колішніх праектаў BISS, да якога новая каманда не мела дачынення. З-за гэтага "не было сэнсу запускаць маштабныя праекты, каб не ствараць рызыкаў для партнёраў і выканаўцаў".
"Запрашаю чытаць нашы аналітычныя прадукты, многія з якіх яшчэ доўга будуць захоўваць актуальнасць", — піша Пётр Рудкоўскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.