Прызёр узнагароды УЕФА з Жабінкі: Сам у футбол амаль не гуляў
На мінулым тыдні Юры Бялецкі нечакана для самаго сабе стаў героям спартовых навін. Бацька чацьвёрых дзяцей атрымаў спецыяльную ўзнагароду Еўрапейскага саюза футбольных асацыяцый у намінацыі "Лепшы лідэр". Бо стварыў умовы для дзяцей, якія раней не мелі магчымасці арганізавана гуляць у футбол у родным горадзе.
“Каманда ўзнікла гадоў 12 таму. Калі мае дзеці былі малымі, я іх вазіў ў Брэст на заняткі па футболу, у Жабінцы не было школы. Вядома, што не заўсёды атрымлівалася, таму прыходзілася часам займацца з імі самому. Аднак “прырода на мне адпачывала”, таму трэнер з мяне не атрымаўся”, – распавядае Еўрарадыё бацька чацьвёрых дзяцей: трох хлопцаў і адной дзяўчыны.
Да двух старэйшых сыноў далучыліся іншыя дзеці – паступова ў 15-тысячным горадзе сфармавалася цэлая аматарская футбольная каманда. Бацькі дзяцей у мясцовым райвыканкаме не раз чулі абяцанні пра стварэнне футбольнай секцыі у горадзе, аднак у выніку ўсім прыйшлося займацца самім.
Сёння аматарскі футбольны клуб “Расток” – гэта “моладзёжка”, якая ў асноўным складаецца са студэнтаў і нават выступае ў чэмпіянаце Брэсцкай вобласці. Сваю першую афіцыйную гульню клуб згуляў 9 траўня. Дарэчы, дэбют прынёс ім перамогу над камандай Пружанскага раёну (5:2). Апроч асноўнага складу і дубля, клуб займаецца з дзецьмі чатарох ўзроставых груп: U-7, U-9, U-12 i U-16. Пастаянных спонсараў “Расток” пакуль не мае.
Адзін з трэнераў клубу – Давід Бялецкі, старэйшы сын Юрыя. 19-гадовы хлопец завочна навучаецца на спортфаку ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце. Займаецца футболам нават 9-гадовая дачка, самая малодшая з дзяцей.
“Здаецца, быў чэмпіянат свету па футболу, то бок вельмі цяжка аддарваць сябе ад тэлевізару. Дачцэ тыды было гады тры. Хадзіла яна вакол мяне – хацела хіба прыцягнуць увагу ці пагуляць, а я ёй кажу: “Пазней, пазней”. Прыходзіць жонка ды смяецца. Малая падыйшла да яе і кажа: “Калі вырасту і пачну гуляць у футбол, тата мне будзе крычаць: “Куды б’еш! Куды б’еш!”… Шчыра кажучы, не вельмі гару жаданнем, каб яна нейкай футбалісткай стала, але калі хоча, то хай займаецца”.
Адметна, што сам Юрый Бялецкі футболам ніколі не займаўся. Прызнаецца, што нават у дзяцінстве яго неахвотна бралі гуляць у двары. Працаваў на заводзе, а яшчэ меў свой бізнес ў будаўнічай сферы. Зараз працу ў клубе прыходзіцца сумяшчаць з рознымі падпрацоўкамі, бо грошы “Расток” пакуль не прыносіць.
Восенню заняткі для дзяцей стануць платнымі – вымушаная мера, каб клуб працягваў працаваць.
Юры прызнаецца, што зараз з’явілася новая мара – стварыць футбольны цэнтр для дзяцей-сірот. Гэта ў далёкай перспектыве. Пакуль што для такіх дзяцей Бялецкі арганізуе турнір “Усё ў Тваіх руках”. Першыя спаборніцтвы прайшлі летась восенню. Грошы на турнір збіраліся праз краунфандынгавую пляцоўку. Плануецца турнір і ў гэтым годзе. Па падліках Бялецкага спатрэбяцца мінімум 3000 рублёў.