Пуцін — амерыканцам: "Чужыя лісты чытаць нядобра"
Расійскі прэзідэнт даслаў лідарам 18 еўрапейскіх краін ліст аб сітуацыі ва Украіне.
Як адзначыў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў, ліст перадалі кіраўнікам тых еўрапейскіх краін, якія атрымліваюць праз тэрыторыю Украіны расійскі газ. У ім адзначалася існаванне праблемы доўга Украіны за газ ды прапаноўвалася неадкладна правесці кансультацыі для выпрацоўкі ўзгодненых дзеянняў па стабілізацыі ўкраінскай эканомікі.
Паводле слоў Лаўрова, пасланне Пуціна было ўспрынята там "сур'ёзна" і чакаецца аператыўная рэакцыя на яго. У Маскве спадзяюцца, што яна будзе "канструктыўнай".
Паводле слоў Сяргея Лаўрова, афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпа ЗША аб'явіў, што Расія не павінна палітызаваць газавыя справы з Украінай і павінна прытрымлівацца рынкавага цэнаўтварэння.
Як паведамляе РІА "Новости", 11 красавіка на паседжанні Савета бяспекі Расіі Уладзімір Пуцін назваў дзіўнай рэакцыю Вашынгтона на яго ліст еўрапейскім лідарам. Расійскі прэзідэнт адзначыў, што "чужыя лісты чытаць нядобра" і што "ўсе прызвычаіліся да таго, што нашы амерыканскія сябры падслухваюць".
Фота — ria.ru