Пуцін і Абама на двухбаковай сустрэчы абмеркавалі Украіну і Сірыю

Пуцін і Абама на двухбаковай сустрэчы абмеркавалі Украіну і Сірыю

У Нью-Ёрку адбылася першая за два гады двухбаковая сустрэча прэзідэнта ЗША Барака Абамы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Яны сустрэліся ў штаб-кватэры ААН падчас Генеральнай асамблеі ААН.

Сустрэча была запланаваная на 55 хвілін, але замест гэтага яна цягнулася амаль удвая даўжэй — 1 гадзіну 40 хвілін.

Адразу пасля перамоваў Пуцін паведаміў, што абмяркоўваліся дзве асноўныя тэмы — сітуацыя ў Сірыі і канфлікт на ўсходзе Украіны. Як перадае BBC, расійскі прэзідэнт назваў сустрэчу вельмі карыснай, канструктыўнай і адкрытай.

Абама выказаў Пуціну сваю занепакоенасць тым, як выконваюцца мінскія дамоўленасці па ўрэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны. У прыватнасці, ён заклапочаны намерам кіраўніцтва так званых "ДНР" і "ЛНР" правесці мясцовыя выбары.

Падчас абмеркавання сірыйскай сітуацыі Пуцін выключыў удзел расійскіх войскаў у наземных аперацыях у Сірыі. Але ён разглядае магчымасць расійскага ўдзелу ў паветраных аперацыях супраць "ісламскай дзяржавы". Праўда, для гэтага, кажа расійскі кіраўнік, павінна быць адпаведная просьба сірыйскага ўрада.

Раней абодва прэзідэнты з трыбуны Генасамблеі ААН выказалі абсалютна процілеглыя думкі наконт сірыйскага канфлікту. Абама заявіў, што ўрэгуляванне сірыйскага канфлікту немагчымае, пакуль ва ўладзе знаходзіцца прэзідэнт Башар Асад.

У сваю чаргу, Пуцін заклікаў аказаць падтрымку прэзідэнту Асаду, бо, на яго думку, той з'яўляецца адзіным легітымным лідарам у краіне і змагаецца супраць тэрарызму.

Фота: Reuters і EPA

Пуцін і Абама на двухбаковай сустрэчы абмеркавалі Украіну і Сірыю

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі