Пуцін і Лукашэнка 9 верасня могуць падпісаць дарожныя карты — Сямашка
Апошні раз Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка сустракаліся ў Санкт-Пецярбургу ў ліпені гэтага года / Reuters
Кіраўнікі Беларусі і Расіі на сустрэчы ў Маскве могуць падпісаць усе дарожныя карты інтэграцыі, паведамляе ТАСС са спасылкай на пасла Беларусі ў Расіі Уладзіміра Сямашку.
"Мы, дзякуй богу, праз тры гады знаходзімся на фінішы, калі з 28 карт засталася адна. Апошнюю, я думаю, мы 7-га чысла даціснем", — сказаў Сямашка. Ён нагадаў, што ўжо 9-га верасня Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка "сустракаюцца ў Маскве, дзе будуць падпісаныя ўсе дарожныя карты і карты развіцця паглыблення інтэграцыі".
Раней паведамлялася, што падчас сустрэчы ў Маскве бакі абмяркуюць саюзныя праграмы, міжнародную праблематыку і "іншыя актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня". Адзначым, што гэта будзе ўжо пятая сустрэча Пуціна і Лукашэнкі сёлета.
Уладзімір Сямашка ўжо рабіў гучныя анонсы адносна дарожных карт. У сакавіку ён казаў, што ўсе карты могуць быць узгоднены ў красавіку, у красавіку, што — у траўні. А ў чэрвені расійскі пасол у Беларусі Яўген Лук'янаў расказваў журналістам, што няўзгодненай ўсё яшчэ застаецца адна карта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.