П'яны камандзіровачны ў Смаргоні мачыўся з акна на вуліцу
У Смаргоні Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на 27-гадовага мужчыну, які прыехаў у гэты горад у камандзіроўку, піша сайт kraj.by.
28 студзеня на вуліцы Савецкай мужчына сярод белага дня на вачах мінакоў мачыўся з акна другога паверха жылога дома.
Каментуючы здарэнне, начальнік Смаргонскага райаддзела Следчага камітэта Віктар Дамуць падкрэсліў, што побач размяшчаюцца сярэдняя школа №1 і аўтобусны прыпынак.
"Мінакі рабілі яму заўвагі, а ён адказваў: "Мне ўсё роўна, я не мясцовы". У выніку адна жанчына зняла хуліганскую выхадку на смартфон і патэлефанавала ў міліцыю", — распавёў Дамуць.
Хулігана затрымалі. Выявілася, што ён з таварышам прыехаў у Смаргонь у камандзіроўку з Барысава. Мужчыны працавалі ў індывідуальнага прадпрымальніка, ставілі пластыкавыя вокны. У нядзелю, 28 студзеня, яны выпівалі на арандаванай кватэры з дзвюма дзяўчатамі са Смаргоні. Менавіта тады нецвярозы мужчына і наважыўся на выхадку. Пры гэтым ён не рэагаваў не толькі на заўвагі мінакоў, але і на ўгаворы супакоіцца з боку свайго таварыша і дзяўчат.
На мужчыну пачалі крымінальную справу за хуліганства. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.