П'яны кобрынец уцякаў ад пагоні па лясных дарогах, везучы ва УАЗе сямёра дзяцей

П'яны кобрынец уцякаў ад пагоні па лясных дарогах, везучы ва УАЗе сямёра дзяцей

У Кобрынскім раёне затрымалі 35-гадовага кіроўцу, які ў нецвярозым стане вёз семярых дзяцей, паведамляе прэс-служба МУС.

На УАЗ з вялікай колькасцю пасажыраў, які ехаў па лясной дарозе, звярнулі ўвагу супрацоўнікі Брэсцкай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Інспектар даў кіроўцу сігнал спыніцца, але той толькі павялічыў хуткасць. 

Інспектары кінуліся ў пагоню, падаючы гукавыя і ветлавыя сігналы. Пагоня доўжылася каля пяці кіламетраў, але потым кіроўца ўсё ж спыніўся. 

Па яго вонкавым выглядзе інспектары зразумелі, што мужчына нецвярозы. У салоне аўтамабіля ён вёз сямёра дзяцей. 

Выявілася, што на адпачынак выехалі некалькі сем'яў. Мужчына падахвоціўся пакатаць дзяцей, але трапіўся на вочы інспектарам. 

Яго затрымалі і выклікалі нарад Дзяржаўтаінспекцыі. Даішнікі склалі на парушальніка некалькі пратаколаў — за адмову ад агляду, адсутнасць пасведчання кіроўцы і допуску да ўдзелу ў дарожным руху, парушэнне правілаў перавозкі пасажыраў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі