П'яныя памежнікі ледзь не расстралялі з аўтаматаў жыхароў вёскі

Інцыдэнт здарыўся яшчэ 16 лістапада мінулага года, піша "Ежедневник". Аднак дагэтуль афіцыйныя асобы не хочуць пра яго гаварыць. Расследаваннем справы займаецца цэнтральны апарат Следчага камітэта.



Здарэнне адбылося ў вёсцы Мілашэвічы Лельчыцкага раёна на мяжы з Украінай. Начальнік заставы "Прудок" старшы лейтэнант Гураў і яго падначалены старшы лейтэнант Рамановіч зайшлі ў бутэрбродную "Ля самавара". Яны адзначалі нараджэнне дзіцяці ў сержанта. У бутэрброднай яны падселі да століка з маладымі непаўналетнімі дзяўчатамі 14-15 гадоў.



Тым часам у кавярню зазірнуў настаўнік. Дзяўчаты, якія сядзелі за сталом з нецвярозымі памежнікамі, збянтэжыліся. Гэта не спадабалася памежнікам, якія сталі чапіцца да настаўніка. Той нічога не адказаў на грубасць. Але за настаўніка ўступіліся мясцовыя хлопцы, якія запатрабавалі ад п'яных памежнікаў тлумачэнняў. П'яны начальнік заставы літаральна ўскіпеў, калі яму адважыліся пярэчыць мясцовыя. Ён затэлефанаваў на заставу і выклікаў свайго памочніка з нарадам і зброяй. П'яныя памежнікі з аўтаматамі вярнуліся ў бутэрбродную. Загадчыца ўстановы выклікала міліцыю.



На шчасце, страляніны ўдалося пазбегнуць. Але мясцовыя жыхары атачылі памежнікаў і не далі ім з'ехаць да прыезду міліцыі.



На старшага лейтэнанта Гурава і старшага сяржанта Рамановіча пачалі крымінальную справу за хуліганства, учыненае з пагрозай ужывання зброі. Ім пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.



Тым часам на памежнай заставе, дзе служылі абодва памежнікі, заяўляюць, што канфлікт справакавалі мясцовыя, а не начальнік заставы.



Фота — dynamo.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі