Рабочыя "Беларуськалія" атрымалі траўмы праз халатнасць дзяжурнага майстра — СК
"Беларуськалій"
Следчы камітэт скончыў расследаванне крымінальнай справы па факце траўмавання пяці супрацоўнікаў "Беларуськалія". Інцыдэнт на тэрыторыі 2-га рудаўпраўлення адбыўся яшчэ 3 лістапада 2023 года. У той дзень падчас спуску ў шахту захрасла кабіна з работнікамі.
"Трагедыя адбылася праз перавышэнне службовых паўнамоцтваў 44-гадовым дзяжурным майстрам", — мяркуюць у СК. Паводле версіі следства, мужчына парушыў патрабаванні тэхнікі бяспекі і даў сваім падначаленым злачыннае ўказанне. "Спецыяліст, карыстаючыся сваім становішчам кіраўніка, асабіста даў указанне электраслесару і машыністу, якія знаходзіліся ў залежным ад яго службовым становішчы, адключыць сістэмы бяспечнага тармажэння і ўтрымання пад'ёмнай машыны, як працоўнага (аўтаматычнага) і ручнога (аварыйнага), з мэтай апускання механізму пад уласнай вагой", — гаворыцца ў паведамленні СК. У выніку кабіна ўпала. Трое работнікаў атрымалі цяжкія траўмы, якія прывялі да парушэння іх апорна-рухальнага апарата, яшчэ двое — аналагічныя пашкоджанні, але такія, што адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх.
Таксама падлічана, што арганізацыі была зробленая шкода на суму амаль 46 тысяч рублёў. Крымінальную справу на майстра перадалі пракурору для накіравання ў суд.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.