Rahis "Сшытак у тэкстах з малюнкамі"
Калі слухаеш дэбютнік гурта Rahis “Сшытак з тэкстамі ў малюнках”, пачынаеш разумець людзей, якія, мякка кажучы, не любяць гітарную музыку і гітарыстаў.
У пласцінцы маладога беларускамоўнага
поп-рок-калектыва дэманструецца тая самая гіперактыўная гітарызацыя
музычнага матэрыяла, за кошт якой часам губляецца сутнасць песні —
музыка, мелодыка, нават тэкст. Хоць з тэкстамі ў каманды ўсё няблага.
Можа, толькі пафасу зашмат ды занадта адкрытай маладой душы. Зрэшты,
гэта нармальна — музыка Rahis разлічаная менавіта на маладых
студэнтаў-беларусаў, а таксама на кола, блізкае да гурта.
Апроч
гітарнага засілля, нельга не звярнуць увагу і на вакальную падачу
матэрыяла “Сшытка”. Мабыць, 2 вакалісты ў гурце — гэта і неардынарна,
але калі яны абодва не спяваюць, а надрыўна крычаць, хочацца спыніць
істэрыку, націснуўшы на stop. Хочаш вакалістам звацца — бяры ўрокі
вакалу! Дзякуй Богу, спецыялістаў па прыгожых спевах у Мінску — на любы
густ і кошт — было б жаданне! І ўвогуле, паслухайце Beatlеs!
“Сшытак
з тэкстамі ў малюнках” пазбаўлены яскравых хітоў, аднак ёсць у ім
песні, якія запамінаюцца хутчэй дзякуючы вобразам, чым удалым мелодыям.
І смешна слухаць кампазіцыі на вершы Глеба Лабадзенкі — яны ну зусім
падобныя на творчасць гурта HandMade: напрыклад, творы “Анёлка”, ці
“Файлікі”. Толькі ў Валошына неяк усё больш інтэлігентна гучыць, ці
што...
Вядома, “Rahis’аў” прарочаць у будучыя нацыянальныя
музычныя героі Беларусі і звязваюць з імі перспектывы развіцця
беларускага року. Дай Божа. Толькі для гэтага трэба хлопцам наслухацца
шмат вельмі рознай музыкі, паглядзець на сваю творчасць з іншага
гарызонту, паспрабаваць эксперыментаваць з музычнымі стылямі — каб у
выніку знайсці свой. І не забываць, што музыка любіць празрыстасць, а ў
свеце апроч гітар існуе тысячы музычных інструментаў. Вось тады, можа,
і да геройства будзе недалёка!