Раман Пратасевіч выступіў на судзе з апошнім словам

Раман Пратасевіч / mlyn.by
Раман Пратасевіч / mlyn.by

На судзе з апошнім словам выступіў Раман Пратасевіч — былы галоўны рэдактар тг-канала NEXTA. Вытрымкі з яго прамовы з'явіліся ў дзяржаўных прапагандыстаў.

Пратасевіч заявіў, што яго выкарысталі і выкінулі. "Па сутнасці, мной проста скарысталіся. Я вінаваты ў вельмі многіх рэчах, і я сапраўды прызнаю сваю віну. Было б па-дурному і недарэчна гэта адмаўляць. Уся гэтая сітуацыя дазволіла мне зірнуць на жыццё з боку", — заявіў ён.

Таксама Пратасевіч заявіў, што прызнае палітычную паразу і папрасіў суд прызначыць пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.

Як распавядала Еўрарадыё, дзяржабвінавачанне просіць прызначыць Пратасевічу 10 гадоў пазбаўлення волі, Сцяпану Пуцілу — 20 гадоў, Яну Рудзіку — 19 гадоў.

Падчас спрэчак бакоў адвакатка папрасіла зменшыць тэрмін пакарання Пратасевічу, бо год таму ён ажаніўся і перабыванне ў турме замінае яму планаваць пашырэнне сям'і.

Трох стваральнікаў тг-канала NEXTA вінавацяць па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса. Паводле абвінавачання, яны мелі і выконвалі "агульны план змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады ў Беларусі неканстытуцыйным шляхам". Пры гэтым, як сцвярджае пракуратура, "абвінавачаныя заклікалі пратэстна настроеных грамадзян здзяйсняць акты тэрарызму".

Суд па "справе NEXTA" ідзе з 16 лютага. Пуцілу і Рудзіка судзяць завочна. Пратасевіч перабывае пад хатнім арыштам. Яго ўзялі пад варту пасля таго, як 23 траўня 2021 года ў Мінску прымусова пасадзілі самалёт авіякампаніі Ryanair, на якім ён ляцеў з Афінаў у Вільню. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі