Расія можа прыпыніць працу станцый GPS з 1 чэрвеня
Пра гэта заявіў у аўторак, 13 траўня, віцэ-прэм'ер Дзмітрый Рагозін.
Па яго словах, якія перадае tvrain.ru, праца амерыканскіх станцый будзе спыненая, калі Расія не дасягне пагаднення аб размяшчэнні наземных станцый ГЛОНАСС на тэрыторыі ЗША.
Адзінаццаць амерыканскіх станцый размешчаны на тэрыторыі дзесяці расійскіх рэгіёнаў у рамках пагаднення ад 1993 і 2011 гадоў. GPS — спадарожнікавая сістэма навігацыі, якая забяспечвае вымярэнне адлегласці, часу і вызначае месцазнаходжанне ў сусветнай сістэме каардынатаў WGS 84.
Напрыканцы красавіка Рагозін заяўляў, што Расія зрабіла вялікі рывок, стварыўшы ГЛОНАСС — уласны аналаг амерыканскай сістэмы. Паведамлялася, што арбітальная групоўка ГЛОНАСС разгорнутая ў поўным аб'ёме і сігнал сістэмы прымаецца па ўсёй планеце.
Расія накіравала запыт у ЗША на будаўніцтва станцый ГЛОНАСС у маі 2012 года. У кастрычніку 2013 года ў Раскосмасе заяўлялі, што ведамства плануе размясціць у ЗША восем станцый, а на тэрыторыі Расіі дзейнічаюць 19 станцый GPS. Газета New York Times у канцы 2013 года пісала, што новы амерыканскі закон аб абаронным бюджэце, падпісаны прэзідэнтам Баракам Абамам, фактычна накіраваны супраць будаўніцтва на тэрыторыі краіны станцый расійскай сістэмы. Дакумент прадугледжвае выдачу дазволаў на будаўніцтва станцый ГЛОНАСС тады, калі Пентагон пераканае кангрэс, што яны не будуць выкарыстоўвацца для шпіянажу супраць ЗША, не павысяць эфектыўнасць расійскіх узбраенняў, а таксама не аслабяць пазіцыі GPS на камерцыйным рынку.
Фота Рагозіна — kommersant.ru