Расія плануе ўжо ў 2021 годзе перахапіць у Літвы беларускі грузапаток
Порт у Клайпедзе / TUT.BY
Пагадненне аб перанакіраванні часткі беларускага экспарту з Літвы ў расійскія парты Мінск і Масква могуць падпісаць ужо ў 2021 годзе. Такое меркаванне выказаў у інтэрв'ю РБК-ТБ расійскі віцэ-прэм'ер Аляксандр Новак.
"На маю думку, 2021 год — цалкам рэальныя тэрміны, калі можна пачаць (пастаўкі — Еўрарадыё)", — сказаў Новак.
Некалькі гадоў запар Аляксандр Лукашэнка адмаўляўся пераарыентаваць экспартныя патокі з літоўскай Клайпеды ў парты Усць-Лугі, тлумачачы гэта высокімі выдаткамі для беларускага боку. Аднак адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў — у адказ на пагрозу санкцый з боку еўрапейскіх краін — ён заявіў пра крокі ў адказ. Сярод іншага расказаў, што даручыў ураду пераарыентаваць усе гандлёвыя патокі з партоў Літвы ў іншыя. "30% літоўскага бюджэту фарміруюць нашы грузапатокі праз Літву. Што яшчэ трэба? Зажраліся. Таму паставім на месца", — сказаў ён.
У сярэдзіне снежня стала вядома, што "Беларуская нафтавая кампанія" часова спыняе экспарт нафтапрадуктаў праз Клайпеду.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.