Расія прыняла старшынства ў Савеце Бяспекі ААН
Расія прыняла старшынства ў Савеце Бяспекі ААН з 1 кастрычніка. Як паведамляюць інфармагенцтвы, кіраваць гэтай структурай Расійская Федэрацыя будзе ў перыяд абвастрэння сітуацыі ў Сірыі, а таксама на вырашальнай стадыі выбараў новага Генеральнага сакратара ААН.
Першая сустрэча Савета бяспекі пад старшынствам Расіі пройдзе 3 кастрычніка, на ёй зацвердзяць праграму працы на бягучы месяц. Праграма дзейнасці Савета Бяспекі на кастрычнік прадугледжвае каля 20 пасяджэнняў. Цэнтральным мерапрыемствам расійскага старшынства стануць дэбаты 28 кастрычніка па супрацоўніцтве ААН з рэгіянальнымі арганізацыямі: АДКБ, ШАС і СНД. Акрамя таго, 19 кастрычніка ў Савеце Бяспекі адбудуцца штоквартальныя дэбаты па блізкаўсходнім урэгуляванні, а 25 кастрычніка — па тэме "Жанчыны, мір і бяспека".
Цягам месяца членам Савет Бяспекі будзе разглядаць канфлікты ў Афрыцы і ў краінах Блізкага Усходу, у тым ліку ў Сірыі. Па гэтай краіне чакаюццасама меней дзве сустрэчы. Адна з іх будзе прысвечана гуманітарнай абстаноўцы ў краіне, а другая — сітуацыі з ужываннем падчас канфлікту атрутных рэчываў. 22 верасня СБ ААН працягнуў да канца кастрычніка працу спецыяльнай місіі ААН і АЗХЗ, якія расследуюць учыненыя ў Сірыі хімічныя атакі, даўшы экспертам дадатковы час на падрыхтоўку свайго заключнага даклада.
Што да выбараў на пасаду адміністрацыйнага кіраўніка ААН, то кола прэтэндэнтаў на сёння складае 10 чалавек. Фаварытам з'яўляецца былы прэм'ер-міністр Партугаліі Антоніу Гутэрыш, які да 2015 года займаў пасаду Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў. Ён атрымаў перамогу ў кожным з пяці раўндаў папярэдняга галасавання, якія адбыліся ў Савеце Бяспекі ў апошнія месяцы.
Пасада Генеральнага сакратара ААН, якую з 2007 года займае паўднёвакарэец Пан Гі Мун, стане вакантнай 1 студзеня. Па існуючых правілах для прызначэння на гэтую пасаду прэтэндэнту неабходна набраць дзевяць галасоў "за", у тым ліку ўсіх пяці сталях чальцоў СБ. Пасля гэтага імя кандыдата будзе вынесена на зацвярджэнне Генеральнай Асамблеі. Савет Бяспекі ААН складаецца з 15 чальцоў, з якіх пяць сталых — Вялікабрытанія, Кітай, Расія, Францыя і ЗША. Кожны з іх валодае правам вета. Астатні склад СБ штогод абнаўляецца напалову.
Паводле статута сусветнай арганізацыі, СБ нясе адказнасць за падтрыманне міру і міжнароднай бяспекі, і падпарадкоўвацца яго рашэнням абавязаныя ўсе краіны — сябры ААН. Прадстаўленыя ў Савеце Бяспекі дзяржавы ўзначальваюць яго працу па чарзе ў алфавітным парадку англійскай мовы. Старшынства краіны ў СБ доўжыцца цягам аднаго каляндарнага месяца. У верасні гэтыя функцыі выконвала Новая Зеландыя, а ў лістападзе кіраваць працай Савета будзе Сенегал.