Расіяне праводзяць абавязковую эвакуацыю яшчэ двух раёнаў Курскай вобласці
Вайна ва Украіне
Расіяне праводзяць абавязковую эвакуацыю жыхароў яшчэ двух раёнаў Курскай вобласці — Рыльскага і Хамутоўскага. Рашэнне прынятае "на падставе аператыўнай інфармацыі" і "ў мэтах забеспячэння бяспекі", заявіў губернатар Аляксей Смірноў. Раёны памежныя і, відаць, расійскія ўлады не выключаюць, што баявыя дзеянні перакінуцца і на іх. Дагэтуль у Курскай вобласці налічвалася больш за 150 тысяч перасяленцаў. Цяпер гэтая лічба істотна вырасце.
Украінскія войскі ўжо другі месяц кантралююць значную тэрыторыю Курскай вобласці, у тым ліку раённы цэнтр Суджа. Тыдзень таму расіяне пачалі контрнаступ у Курскай вобласці і здолелі заняць некалькі вёсак, атакуюць Любімаўку. Украінцы, каб спыніць гэты контрнаступ, прарваліся на тэрыторыю Глушкоўскага раёна з Сумскай вобласці. Украінскія войскі спрабуюць нанесці расіянам флангавы ўдар, разрэзаць і ўзяць у акружэнне іх групоўку. Ідуць цяжкія баі. Інфармацыі пра іх вельмі мала.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.