У Курскай вобласці ўкраінскія войскі спрабуюць нанесці расіянам флангавы ўдар
Прарыў мяжы
У Курскай вобласці ўкраінскія войскі спрабуюць нанесці расіянам, якія з 10 верасня праводзяць контрнаступ, флангавы ўдар. Яны прарываюцца на тэрыторыю Глушкоўскага раёна з Сумскай вобласці, як мінімум, на двух новых напрамках. Расіяне апублікавалі відэа, як інжынерныя машыны размініравання прабіваюць шлях праз "зубы цмока" і мінныя палі на мяжы. Пасля іх заходзіла бронетэхніка. Некаторыя расійскія "ваенкары" прызнаюць, што ўкраінцы лакальна маюць поспех, называюць сітуацыю "напружанай", там ідуць цяжкія баі.
Расійская групоўка ў гэтым раёне з поўначы абмежавана ракой Сейм, на якой украінцамі знішчаныя ўсе масты і знішчаюцца пантонныя пераправы. Відаць, стаіць задача разрэзаць гэтую групоўку, прыціснуць яе да ракі і флангавым ударам спыніць расійскі контрнаступ на Суджанскі раён.
Украінскі бок амаль не каментуе гэтыя падзеі. "Расіяне пачалі контрнаступальныя дзеянні. Усё ідзе па нашым украінскім плане", — заявіў напярэдадні ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.