Расійская мытня пацвердзіла праверку фур з кветкамі з Беларусі з-за шэрых схем
Ружы ў руках дзяўчыны / Еўрарадыё
Расійская мытня пацвердзіла, што вядзе праверку, звязаную са спыненнем шэрых схем паставак кветак з Беларусі, піша BFM.ru. Па гэтай прычыне на расійска-беларускай мяжы з пачатку лютага затрымліваюцца фуры з кветкамі.
Беларусь на сёння — галоўны пастаўшчык кветак у суседнюю краіну: за апошнія пяць гадоў Беларусь павялічыла пастаўкі зрэзаных кветак у Расію больш чым у сто разоў. А ўсё таму, што аднойчы Мінск адмяніў ПДК на ўвоз кветак, і іх стала выгадна пастаўляць у Расію праз Беларусь.
Паводле статыстыкі Белстата, Беларусь купляе кветкі па сусветных коштах — 32-36 цэнтаў за штуку. А прадае іх у Расію ў тры-чатыры разы танней. У выніку прывезеная з Беларусі кветка прыкладна на 20-30% таннейшая, чым у канкурэнтаў, якія пастаўляюць іх у Расію наўпрост.
У лютым 2021 году выданне "Праект" распавяло, што пры ўвозе кветак з Беларусі іх кошт заніжаецца, і эканомія на падатках дае да 10 тысяч долараў з фуры, і што зарабляе пры гэтым на расіянах асяроддзе Лукашэнкі. Крыху раней, у кастрычніку 2020 га, Naviny.by апублікавалі расследаванне, у якім сцвярджалася, што Беларусь стала найбуйнейшым рээкспарцёрам кветак у Расію. Пастаўкамі кветак займаюцца набліжаныя да беларускай улады бізнесмены і нават дзяржкампанія, а бізнэс ацэньваецца ў 300 млн долараў.
Паводле інфармацыі BFM.ru, пастаўшчыкі развярнулі фуры, і цяпер яны ідуць у Расію абмінаючы Беларусь — без праблем на мытні. Але да 8 сакавіка кошт на кветкі ў Расіі можа вырасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.