Расійскі праграміст стварыў у інтэрнэце электронную спавядальню
Цяпер тысячы карыстальнікаў прыходзяць на яго сайт, каб паведаміць пра свае грахі.
Малады праграміст Дзяніс Нябесны з расійскага Краснадара стварыў сайт пад назвай Е-Батюшка, на якім можна пакаяцца ў сваіх грахах. Рэсурс уяўляе сабой усяго дзве старонкі, адна з якіх мае спецыяльную форму для электроннай споведзі. За апошнія два дні сайт наведала 15 тысяч чалавек, а сам праект існуе ўжо год.
Сама ідэя праекту ўзнікла ад жадання паказаць камерцыялізацыю цяперашняй царквы, распавёў аўтар у інтэрв’ю рэсурсу Tjournal. Але пры гэтым малады чалавек не з’яўляецца ідэалагічным праціўнікам праваслаўя.
Да нядаўняга часу форму запоўніла толькі 1,5 тысячы чалавек, але з меркаванняў этычнасці праграміст не захоўваў атрыманыя споведзі. Аднак паслы выбуху папулярнасці сайта ў сацыяльных сетках колькасць наведнікаў рэзка ўзрасла. Карыстальнікі ў большасці сваёй з іроніяй ставяцца да лічбавай спавядальні, але ж некаторыя шчыра і сур’ёзна прызнаюцца ў сваіх грахах.
Калі “грэшнік” пакіне свой электронны адрас, то гаспадар сайта можа адказаць на яго споведзь.
Фота: vk.com