Расійскі прэм'ер разбярэцца з затрыманнем беларускай мытняй 29 грузавікоў

Прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў выказаўся наконт затрымання беларускімі мытнікамі 29 грузавікоў з калінінградскай тэхнікай. У снежні мінулага года яе збіраліся везці ў Маскву праз тэрыторыю Беларусі. Беларускі бок заявіў пра выяўленыя парушэнні, таму затрыманне лічыць законным. Калінінградскія ўлады настойваюць, што груз быў легальным і падставаў для яго затрымання не было.

Як паведамляе "Московский комсомолец", Дзмітрый Мядзведзеў выслухаў губернатара Калінінградскай вобласці Мікалая Цуканава пра канфіскацыю беларусамі электронікі на 250 млн расійскіх рублёў і паабяцаў разабрацца з праблемай. "Не сумнявайцеся, і на палітычным узроўні, і на ўзроўні выканаўцаў [разбярэмся]", — сказаў расійскі прэм'ер-міністр.

Па словах Мядзведзева, ён размаўляў ужо на гэты конт з беларускім прэм'ерам Андрэем Кабяковым. Кабякоў гаварыў, што за пастаўкамі ў Маскву стаялі нейкія "фірмы-аднадзёнкі". Аднак калінінградскія ўлады сцвярджаюць, што правялі праверку і вытворчасці рэальна існуюць.

Нагадаем, як паведамляла Еўрарадыё, у снежні 2014 года ашмянскія мытнікі затрымалі каля 29 фур з тэхнікай, зробленай у Калінінградзе. З ліку затрыманай бытавой тэхнікі — 23 839 тэлевізараў, 5 840 мікрахвалёвак, 228 штук халадзільнікаў і 368 маразільнікаў розных гандлёвых марак, агульнай ацэначным коштам 60,7 мільярда беларускіх рублёў або 4 мільёны долараў. Увесь тавар, рашэннем суда, звернуты ў даход дзяржавы.

Фота: ТАСС

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі