Размеркавалі у музей і адразу скарацілі: як уладкоўваюць маладых спецыялістаў
На пачатку жніўня размеркаваныя ўвесну маладыя спецыялісты прыязджаюць на свае першыя працоўныя месцы. Пакуль універсітэты рапартуюць аб удалым размеркаванні, правяраем на справе, як працуецца размеркаваным адразу пасля заканчэння сваіх ВНУ.
Кацярына яшчэ вясной збіралася працаваць у музеі Вялікай айчыннай вайны, пасля Універсітэта культуры і мастацтваў. Заяўку на размеркаванне шукала сама. Але музей раптам перадумаў і вырашыў не браць дзяўчыну на працу, бо скарацілі штат.
“Мяне пераразмеркавалі ў іншае месца, бо высветлілася, што ў музеі Вялікай айчыннай вайны месцаў няма. Цяпер працую ў іншым музеі ў Мінску, нават далі месца ў інтэрнаце. З іншым маім аднакурснікам была такая ж гісторыя. Цяпер мой заробак 280 рублёў, у Мінску не асабліва хапае, вядома. Але іншых варыянтаў няма цяпер. Пасля двух гадоў заставацца не буду, буду шукаць лепшае месца”, — распавядае Кацярына.
Вікторыя скончыла БНТУ, па спецыяльнасці яна інжынер, але размеркаванне атрымала на кафедру ва ўніверсітэт фізкультуры на 0,5 стаўкі.
“Гэта зусім не па спецыяльнасці. Але з іншых варыянтаў быў толькі Магілёў. Дарэчы, чалавеку, які туды паехаў, таксама прапанавалі толькі 0,5 стаўкі. Універсітэтам сказалі, каб вольных дыпломаў не было. На час размеркавання ў мяне была праца, але туды мяне не адпусцілі. Заробак у мяне цяпер каля 200 рублёў, буду шукаць магчымасці пераразмеркавацца”, — кажа маладая спецыялістка.
Анастасія едзе працаваць у Ліду на мясцовае тэлебачанне пасля Інстытута журналістыкі БДУ. Мае заробак у 300 рублёў, кватэру здымае сама. Пра “бітву за ураджай” пакуль сюжэты не здымае.
“Я пакуль зрабіла толькі два сюжэты. Здымала смеццевы палігон, жанчын-кранаўшчыц, сёння вось здымала сюжэт пра мядовы спас. Усё нармальна, калектыў добры. Бывае, складана знайсці тэму, бо горад маленькі, даводзіцца нешта прыдумляць. За жыллё плачу 75 рублёў”, — апісвае выпускніца журфака. Заставацца ў Лідзе пасля двух гадоў адпрацоўкі яна не збіраецца.
Летась універсітэты накіравалі на працу 19913 чалавек, з іх пачалі працаваць 18622 выпускнікі. Гэта значыць, толькі 6% выпускнікоў выплацілі грошы за навучанне, пабраліся шлюбам ці ў крайнім выпадку ўсё ж атрымалі вольны дыплом.