Размеркаванне: Энергетыкам прапануюць тэатр, псіхолагу — пасаду фізрука
У красавіку на факультэтах беларускіх ВНУ пачынаецца размеркаванне выпускнікоў. Куды едуць адпрацоўваць маладыя спецыялісты ў няпростыя для беларускай эканомікі часы?
“Вакансіі розныя, 60% ідзе ў сістэму Міністэрства энергетыкі, таксама ў экспертныя службы, банкі , — расказваюць на энергетычным факультэце БНТУ. Тут усё, нібыта, добра. — Але бываюць і прыватныя фірмы, нават з тэатра заяўка прыходзіла, але для іх мы не знайшлі спецыяліста, невялікі заробак там”.
А вось на Архітэктурным факультэце гэтага ж універсітэта размеркавацца выпускнікам прапанавалі ў… міліцыю. Такую вакансію заўважылі выпускнікі ў спісе каля дэканата. Праўда, пасля ліст замянілі, у міліцыю нікога не адправілі.
“Не, мы туды нікога не размяркоўвалі”, — пацвердзілі Еўрарадыё ў дэканаце.
Студэнтцы Універсітэта фізкультуры Дар’і, якая вучылася на спартовага псіхолага, на папярэднім размеркаванні прапаноўваюць працу… фізрука ў дзіцячым садку. Іншых вакансій няма.
“Да канчатковага размеркавання яшчэ ёсць час, але вакансій няма зусім. Таму сказалі шукаць самім, бо яны могуць толькі дзіцячы садок прапанаваць”, — дзеліцца ўражаннямі выпускніца.
Размеркаванне не па спецыяльнасці — з’ява частая. Разам з Дзмітрыем Варнашовым, экспертам праграмы "Размеркаванне" ад Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіравання, складаем памятку на такі выпадак.
1. Размеркаванне не па спецыяльнасці супярэчыць Кодэксу аб адукацыі. Таму адразу на размеркаванні, калі адпраўляюць працаваць не па спецыяльнасці, трэба ў паперах камісіі напісаць, што вы не згодныя з такім рашэннем.
2. Рашэнне камісіі па размеркаванні можна абскардзіць у прарэктара ці ў рэктара. Да яго можна прыйсці на прыём ці напісаць ліст, дзе распісаць усю праблему.
3. Калі ва ўніверсітэце гэта не вырашылася, то трэба звяртацца ў вышэйстаячую ўстанову, якой падпарадкоўваецца ўніверсітэт. У большасці выпадкаў гэта Міністэрства адукацыі. У дамове паміж студэнтам і ўніверсітэтам прапісана, што ВНУ мусіць размеркаваць па спецыяльнасці.
4. Можна звярнуцца ў суд, але такіх выпадкаў мала. Звычайна судзяцца, калі ўніверсітэт спрабуе спаганяць грошы.