Рэкорд: за аўторак у Літве затрымалі 171 мігранта з Беларусі
27 ліпеня літоўскія памежнікі затрымалі 171 нелегальнага мігранта з Беларусі, павеадмляе Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы. Гэта рэкордны паказчык за адны суткі.
Усе затрыманыя мелі дакументы грамадзян Ірака або назваліся жыхарамі гэтай краіны.
Ад пачатку года літоўскія памежнікі затрымалі больш за 3000 нелегальных мігрантаў, якія прыйшлі з тэрыторыі Беларусі. Гэта ў 37 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год.
У ліпені 2021-га памежнікі затрымалі 2366 мігрантаў. У чэрвені іх было 473, у траўні — 77, у красавіку — 70, у сакавіку — 8.
Літоўскія палітыкі вінавацяць афіцыйны Мінск у гібрыднай агрэсіі. Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што ў сённяшніх палітычных рэаліях Беларусь не будзе стрымліваць нелегальную міграцыю і наркатрафік на мяжы з ЕС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.