Прэс-служба "Унукава": Паступіў званок, што пасажыр паведамляе пра замініраванне
Беларускі музыкант Сяргей Пархоменка, вядомы пад псеўданімам Сярога, затрыманы ў Маскве ў аэрапорце "Унукава". Гэты факт Еўрарадыё пацвердзілі ў прэс-службе аэрапорта.
“У 9:40 у дзяжурную частку аддзела ўнутраных спраў паступіў званок ад кіраўніка службы пасажырскіх перавозак пра тое, што пасажыр паведамляе пра замініраванне борта рэйса Масква — Мінск, — распавядае Еўрарадыё прэс-сакратар аэрапорта “Унукава” Марыя Шаравіна. — Натуральна, супрацоўнікі паліцыі аператыўна прыбылі на месца і затрымалі пасажыра. У аддзяленні высветлілася, что пасажыр — грамадзянін Беларусі Сяргей Васільевіч Пархоменка. Цяпер у дачыненні да яго праводзіцца праверка. Яму можа пагражаць 207 артыкул крымінальнага кодэксу РФ “Заведама ілжывае паведамленне пра акт тэрарызму”, пакаранне па якім да 3-х гадоў пазбаўлення волі і штрафам да 200 тысяч расійскіх рублёў (больш за 3000 долараў)”.
Падчас затрымання рэпер Сярога прызнаўся, што пажартаваў пра бомбу, бо спазняўся на самалёт і такім чынам думаў затрымаць вылет. Таму адміністрацыяй аэрапорта было прынята рашэнне рэйс не адмяняць. Па прыбыцці ў Мінск у 11.19 самалёт усё ж быў абследаваны сапёрамі. Аднак сам аэрапорт працягнуў "працу ў штатным рэжыме".
Цяпер Сярога знаходзіцца ў пастарунку маскоўскага аэрапорта, дзе паліцыя вызначае ступень адказнасці правапарушэння. Фактычна, ад гэтага рашэння залежыць дзе адзначыць сваё 40-годдзе вядомы рэпер — у СІЗА ці на свабодзе, бо 8 кастрычніка ў яго дзень нараджэння.