Чаму ніхто не хоча кіраваць Федэрацыяй хакея?
Ратаваць чэмпіянат краіны і абмяжоўваць “монстра” — мінскае “Дынама” — вось першыя ж задачы, якія давядзецца вырашаць новаму хакейнаму босу.
19 ліпеня Федэрацыя хакея Беларусі мусіла атрымаць новага старшыню. Але справаздачна-выбарная канферэнцыя не адбылася… Жадаючых узначаліць арганізацыю папросту не знайшлося! Дзеючы кіраўнік ФХРБ Яўген Ворсін не можа адказаць на пытанне, чаму ніхто не спяшаецца яго замяніць:
“Калі ў свой час мне прапанавалі гэтую пасаду, я доўга не разважаў. Бо гэта быў прадмет маёй зацікаўленасці, усёй маёй спартовай біяграфіі. Таму я даў згоду і пачаў працаваць. Хаця разумеў вялікую адказнасць”.
Можа, чыноўнікі баяцца пільнай увагі, якую звяртае на хакей кіраўнік краіны? Але на тэму прэзідэнцкага кантролю Яўген Ворсін размаўляе не вельмі ахвотна.
“Пасля чэмпіянату свету ніякіх указанняў [ад Аляксандра Лукашэнкі. — Еўрарадыё] пакуль не было. Проста мы правялі паседжанне выканкама, і самі давалі ацэнку”.
Нагадаем, менавіта пасля правальнага для беларусаў чэмпіяната свету, які прайшоў у траўні 2012 года ў Фінляндыі і Швецыі, Яўген Ворсін і заявіў, што гатовы сысці ў адстаўку…
Галоўны рэдактар газеты “Прессбол” Уладзімір Беражкоў у мінулым — прафесійны хакеіст. Ён падказвае, якім мусіць быць новы старшыня ФХРБ. “Баязлівец” з вядомай песні не толькі не гуляе ў хакей, але і не кіруе Федэрацыяй!
Уладзімір Беражкоў: “Старшыня Федэрацыі мусіць актыўна кіраваць хакеем у краіне, а не фармальна выконваць абавязкі. Тут трэба мець характар, надзвычайную сілу волі і здольнасць не патураць за кім-небудзь, а ўступаць у канфлікты. Хакей — вельмі сур’ёзная мужчынская гульня. Павінна быць сутыкненне меркаванняў, барацьба, заўсёдная канкурэнцыя. Толькі тады можна ствараць прадукт”.
Уладзімір Беражкоў кажа, што зараз створаны монстр у выглядзе мінскага “Дынама”, на якога ніхто не можа паўплываць і які нібыта жыве па-за законамі. На думку эксперта, у беларускіх умовах больш правільным было б вярнуцца да савецкай хакейнай сістэмы, дзе існавала жорсткая вертыкаль, на чале якой стаяў трэнер.
Уладзімір Беражкоў: “Ён не проста атрымоўваў паўмільёна долараў і адказваў за вузкі профіль нацыянальнай каманды ці за клуб… Вось Хейкіля можа прыехаць у канцы ліпеня і заявіць, што ў Беларусі мала добрых гульцоў. Іх не дастаткова, таму мы мусім набываць чарговых легіянераў. Няхай сёлета іх будзе не 15, а 10, але ўсё роўна будуць, бо мы інакш не зможам канкураваць. Гэта тупіковы шлях”.
У прыклад Уладзімір Беражкоў ставіць Федэрацыю гандбола, на чале якой стаіць Уладзімір Канаплёў. Маўляў, паглыбленая праца былога спікера Палаты прадстаўнікоў пачала прыносіць плён. І моладзь добра выступае, і дарослая каманда прайшла на чэмпіянат свету.
Галоўны трэнер чэмпіёна краіны — жлобінскага “Металурга” — Васіль Спірыдонаў кажа, што ў яго клубе ўсё ў парадку. Выпрацаваная вертыкаль. Пачынаюць звяртаць на сябе ўвагу гадаванцы дзіцячай школы. А хутка каманда едзе на збор у Славакію, дзе правядзе спарынгі з пяццю найлепшымі камандамі мясцовага чэмпіяната.
Але Васіль Спірыдонаў таксама заклапочаны сітуацыяй са старшынёй Федэрацыі хакея:
“ФХРБ мусіць узначаліць той, хто разумее вострую надзённую праблему: што адбываецца ў беларускім хакеі? І зрабіць крокі, каб не развалілі ўнутраны чэмпіянат. Калі мінскае “Юнацтва” падало прыклад, што трэба бегчы з чэмпіянату, дык будуць і паслядоўнікі ў наступным сезоне. Гродна, Гомель ці яшчэ хто… А гэта будзе поўны развал. Хто тут будзе гуляць? Хлопцы гадоў па 15-16…”
Справаздачна-выбарная канферэнцыя мусіць адбыцца пасля Лонданскай алімпіяды. Тады ж плануецца і закрыць вакантную пасаду кіраўніка Федэрацыі.
Фота: sports.ru