ААН возіць беларускіх суддзяў у Гаагу, а ЕС навучае сабак на мяжы Беларусі
Еўрарадыё зацікавілася, якія праекты існуюць паміж Еўропай і Беларуссю, і што перашкаджае больш шчыльнаму супрацоўніцтву.
У 2007-2009 гадах ЕС выдзеліў 625 тысяч еўра на тое, каб падцягнуць беларускае правасуддзе да міжнародных стандартаў правоў чалавека.
На што дакладна пайшлі грошы, у Мінюсце не кажуць, а спасылаюцца на паведамленне на сайце міністэрства. Але Еўрарадыё знайшло спецыяліста, які ў межах праграмы ездзіў у групе з беларускімі суддзямі… у Гаагу.
“Ездзілі ў 2008 годзе ў Нідэрланды. Мы там наведвалі судовыя ўстановы. У першую чаргу, гарадскі суд Гаагі. І знаёміліся з тым, як там прымяняюцца міжнародныя стандарты ў сферы правоў чалавека. Мы ездзілі як нацыянальныя эксперты, плюс яшчэ адвакаты. Яны ездзілі ў Амстэрдам, бо там знаходзіцца нешта падобнае да нашай калегіі адвакатаў”. — распавядае Еўрарадыё дацэнт кафедры міжнароднага права факультэта міжнародных адносін БДУ Ала Дыбайла. Разам з ёй Гаагу наведалі яшчэ 4 чалавекі з Беларусі, сярод якіх былі суддзя Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў.
На сайце Праграмы развіцця ААН у Беларусі знаходзім апісанне праекту, згодна з якім Беларусь атрымоўвае амаль 4 мільёны долараў, каб навучыцца захоўваць запасы лёгкай і стралковай зброі.
“На сённяшні дзень удзельнічаюць 13 вайсковых частак. Пяць з якіх мы цалкам абсталявалі, як патрабавалася, зараз вядзецца праца над другой фазай, засталося 8 частак. Мерапрыемствы ўключаюць у сябе рамонт складоў з лёгкай стралковай зброяй, устаноўку асвятлення, ахоўнай сістэмы і ўкамплектаванне складоў абсталяваннем”, – распавядае кіраўніца праекта Анна Паравая.
Амаль у 10 разоў менш, 395 тысяч долараў, ААН выдзеліў на ўзмацненне экспертнага патэнцыялу Беларусі, які мусіць дапамагчы краіне ўступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю.
“Праект быў ініцыяваны МЗС Беларусі. Перш за ўсё запрасілі падтрымку ў распрацоўцы аналітычных матэрыялаў, якія б маглі быць выкарыстаныя пры фарміраванні перагаворнай пазіцыі Беларусі. На трэнінгах былі прадстаўнікі 15-16 розных арганізацыяй, як дзяржаўных, так і недзяржаўных”, — кажа каардынатар праекта з боку ПРААН Людміла Істоміна.
Шмат сваіх праектаў у Беларусі праводзіць і Еўрасаюз. Па словах кіраўніка аддзела праектаў і праграм Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Лэўліна Эдвардса, з 1991 ЕС выдзеліў дапамогу Беларусі на 510 мільёнаў еўра. ЕС дае грошы для беларускіх НДА, на памежныя праекты, энергетычную бяспеку і адукацыю. Напрыклад, цяпер рыхтуецца праект, накіраваны на паляпшэнне якаснага патэнцыялу сабакаводства беларускіх, літоўскіх, латвійскіх памежнікаў. Агульны бюджэт – 556 тысяч еўра, 330 з іх атрымаюць беларускія памежнікі разам са сваімі сабакамі.
Тым часам, эксперты BISS Аляксей Пікулік і Алена Арцёменка лічаць, што Беларусь не настолькі эфектыўна выкарыстоўвае тэхнічную дапамогу ЕС, як хацелася б.
“У прынцыпе, праекты рэалізуюцца, фінансуюцца, але ёсць пэўныя абмежаванні. Яны доўга ўзгадняюцца, доўга праходзяць верыфікацыю. Трэба ўзгадняць з Мінэканомікі, бо гэта адзіны кантралюючы орган. З-за таго, што самі лінейныя міністэрствы ў поўнай меры не зацікаўлены ў распрацоўцы і рэалізацыі праектаў, бо гэта складана. Не хапае кадравых рэсурсаў”, – кажа Алена Арцёменка.
Па словах эксперта, некаторыя праекты ЕС, як адміністратыўная рэформа, не падтрымлівае беларускі бок. А некаторыя – падтрымлівае. Праўда, калі б былі прасцейшыя, дзяржава магла б атрымліваць ад Еўропы большую дапамогу. Як гэта робяць Грузія альбо Арменія.
Фота: aleut-broker.su