Адраджаецца No Logo Fest ― рэгіянальная музычная прэмія ў Віцебску

Віцебскі рок-фестываль No Logo Fest вяртаецца ў змененым фармаце пасля трохгадовага перапынку. Арганізатары мерапрыемства вырашылі не толькі пазнаёміць публіку з мясцовымі гуртамі, але і вызначыць сярод іх лепшыя.

“Гэта будзе трохдзённы фестываль з 31-га траўня да 2-га чэрвеня, ― распавядае арганізатар імпрэзы Уладзімір Булаўскі. ― У Віцебску вельмі спецыфічная сітуацыя з канцэртамі, таму гэтыя дні звычайна з’яўляюцца закрыццём альтэрнатыўнага канцэртнага сезону. 31 траўня і 1 чэрвеня будуць конкурсныя дні, а 2-га чэрвеня ― гала-канцэрт, дзе будуць падводзіцца вынікі”.

Падача заявак на ўдзел у конкурсе працягнецца да 1 траўня 2013 г. Па выніках папярэдняга адбору арганізатары адбяруць 10 гуртоў, якія на іх думку вартыя змагацца за званне лепшага ў рэгіёне. Яшчэ 4 гурты аматары рока абяруць шляхам інтэрнэт-галасавання.

Якія будуць намінацыі, апроч “Гурт рэгіёна-2012”, арганізатары пакуль не вызначыліся. Маўляў, “магчыма, адзначым тых, хто падтрымлівае беларуску традыцыю, зладзім дадатковы конкурс гітарыстаў... Але пра гэта пазней, пакуль уся ўвага да непасрэдна арганізацыйных момантаў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі