“Ахвяра мядзведзікаў” Башарымаў затрыманы за дзве смс ад шведа
Шведы сапраўды зарэзервавалі кватэру ў Мінску на вуліцы Карла Маркса, але перад засяленнем адмовіліся ад яе па смс.
Заснавальнік шведскай піяр-кампаніі Studio Total Пер Кромвэл, той швед, які чакаў і фатаграфаваў самалёт у Івянцы, распавядае Еўрарадыё, што рабіў 12 гадзін у Беларусі, з кім сустракаўся, усе яўкі, паролі...
Еўрарадыё: "Дзе вы жылі ў Мінску? На якой вуліцы?"
Пер Кромвэл: "Я прыляцеў познім вечарам 3-га ліпеня. Паехаў на таксоўцы з аэрапорта ў Мінск. Там сустрэўся з другім фатографам, які мусіў чакаць самалёт у цэнтры Мінска. Мы сустрэліся з ім у гатэлі, там, як я зразумеў, ён спыніўся. Павячэралі, спланавалі акцыю, што будзем фатаграфаваць. І недзе каля 23-й гадзіны я ўзяў машыну, якая мяне ўжо чакала".
Еўрарадыё: "З кім вы сустракаліся ў горадзе?"
Пер Кромвэл: "Ні з кім з Мінска. Я сустрэўся з другім шведскім фатографам".
Еўрарадыё: "Ці баяліся ўвогуле знаходзіцца ў Беларусі?"
Пер Кромвэл: "Не, не баяліся. Мы былі ў Мінску яшчэ ў траўні падчас параду, калі быў Дзень Перамогі. Здзівіла, што на вуліцы было шмат людзей у цывільным са спецслужбаў. З такім раней ніколі не сустракаўся. Гэта адзінае, што вельмі здзівіла. А так Мінск добры горад. Мне вельмі спадабалася. У прыгарадзе, на жаль, не былі, але мае агульныя ўражанні: вельмі прывабны горад".
Еўрарадыё: "А ці сустракаліся з кімсьці ў Івянцы?"
Пер Кромвэл: "Я прыехаў туды вельмі рана, выехаў з Мінска недзе а 23-й гадзіне, таму ў Івянцы быў каля 3-й ночы. Там застаўся прыкладна да 6-й. Сядзеў у сваёй машыне з камерай і чакаў самалёт. На вуліцы было не шмат людзей. Толькі праязджалі машыны, якія збіраюць смецце. Ужо пасля, як праляцеў самалёт, з’явілася больш людзей. Некаторыя забралі сабе мядзведзяў, скінутых з самалёта".
Еўрарадыё: "Ці ведаеце вы, якое пакаранне за нелегальнае перасячэнне беларускай мяжы? Альбо за дапамогу ў здзяйсненні
гэтага?"
Пер Кромвэл: "Не. Не ўяўляю".
Еўрарадыё: "КДБ затрымаў рыэлтара Башарымава, які нібыта здаваў вам у Мінску кватэру".
Пер Кромвэл: "Мы толькі знялі кватэру ў гэтага хлопца. Гэта жахліва. Калі мы былі ў Мінску некалькі месяцаў таму, рыхтаваліся, мы спыніліся ў адной з кватэр, якія прапануе гэта ж агенцтва. Але гэта ўсё. Больш для нас гэтыя людзі нічога не рабілі. У гэты раз я арандаваў кватэру на Карла Маркса, але з-за таго, што вельмі позна прыляцеў, паспрабаваў адмяніць рэзервацыю. Бо я быў у Беларусі толькі 12 гадзінаў — з 3-га па 4-га ліпеня".
Еўрарадыё: Атрымоўваецца, што вы жылі ў кватэры на Карла Маркса ў траўні падчас першай паездкі ў Беларусь. А ў гэты раз зарэзервавалі кватэру і адмянілі, а другі фатограф жыў у Мінску ў гатэлі?
Пер Кромвэл: "Так".
Еўрарадыё: "А ў якім гатэлі жыў другі фатограф?"
Пер Кромвэл: "Усе людзі, якія кантактавалі з намі, напрыклад здалі машыну ці нібыта здалі кватэру, альбо хлопец, які апублікаваў фотаздымкі, рызыкуюць атрымаць праблемы. Лукашэнка пастараецца знайсці кожнага. Усе такія людзі могуць трапіць у сферу інтарэсаў сакрэтных службаў. Але раскрыццё медыям такіх дэталяў — дзе мы жылі, што елі і гэтак далей — стварае рызыку для розных людзей, якія нічога не зрабілі".