Akute напярэдадні выпрабаванняў, ці Першыя "Героі году"

121213_ma6a_akute.mp3

Akute сталі “Героямі году”. Такое пачэснае званне магілёўскія музыкі атрымалі ад музычнага парталу Tuzin.fm. Дарэчы, у дзень міні-цырымоніі ўручэння “Тузін Гітоў” адзначаў свой 9 Дзень нараджэння. 

“Сёлета мы вырашылі ўзнагародзіць толькі адзін гурт насуперак сваім традыцыям, — тлумачыць выбар рэдакцыі кіраўнік парталу Сяргей Будкін. — Мы падумалі, што ёсць героі, і нічога ў давесак не патрабуецца. Мы палічылі, што сёння героі году — гэта гурт Akute, і нам падаецца, што гэтага дастаткова. Таму што роўных ім у 2012 годзе няма”.


З меркаваннем рэдакцыі “Тузіна Гітоў” згодны музыка і вядучы імпрэзы Алег Хаменка. На яго думку, цяпер Akute — гурт першага эшалону беларускай папулярнай музыкі, і тое, што не ўсім пра гэта вядома — праблема краіны, а не гурта. Але, лічыць лідар “Палацу”, для каманды надышоў час выпрабаванняў.

Алег Хаменка: “Цяпер самае галоўнае — утрымацца і выжыць. Таму што жыццё імкліва развіваецца. Іншая справа, што багна таго, што ты нешта атрымаў, яна зацягвае. І заўсёды пасля таго, як ты нечага дасягнуў, хочацца крыху адпачыць. І гэта самае небяспечнае. Зразумела, што ім ужо і хочацца адпачыць, і нешта атрымаць ад той працы, якую яны зрабілі. Але гэтага не будзе. І вось гэтае расчараванне, яно будзе самым складаным, і проста гэтую хвіліну трэба разумна і дасведчана перажыць”.

Паліна Рэспубліка, якую Хаменка бачыць праз год выступаючай перад тысячнай залай, і якая таксама сыграла на Дні нараджэння “Тузіна”, не супраць пайсці шляхам Akute:

“Ну, героем музычнага году хто б не хацеў стаць? Я хлопцаў вельмі паважаю. Яны робяць музыку, як кажа мой гітарыст, якая “качае”. Гэта добра. Яны з тых гуртоў, якія я слухаю, граюць музыку, за якую мне не сорамна”.


Пасля канцэрту Akute лідар гурта “Голая манашка” Фёдар Жывалеўскі ўспомніў нашумелы фільм “Вышэй за неба”, прагляд якога скончыў на 47 хвіліне — не змог даглядзець. Музыка кажа, што праблема нашай рэчаіснасці ў імкненні падняцца “вышэй за неба”. Але гэта — вельмі сумнеўнае жаданне.

Фёдар злева

Фёдар Жывалеўскі: “У мяне пасля сённяшняга канцэрту ўзніклі асацыяцыі з кітайскімі ліхтарыкамі, якія робяцца з рысавай паперы. Я б усе гэтыя нашы мары, якія мы спрабуем “дзвінуць” са сцэны, я б іх пісаў на гэтых кітайскіх ліхтарыках і запускаў бы ў неба. Каб яны, можа быць, вышэй за неба і падняліся, але вышэй неба яны не паляцяць. Так і будуць вісець на адной вышыні, як зоркі”.


Cамі Akute сваё “геройства” не звязваюць ні з выступам з Placebo, ні з выхадам другога альбома, а з уласным імпэтам.

Akute: “Мы ў гурце адчуваем яшчэ вялікія сілы, каб далей нешта прыдумваць, нешта спяваць і пісаць новыя песні. Мы не спыніліся нават на другім альбоме. І ёсць упэўненасць, што ў хуткім часе ў нас з’явіцца трэці альбом. Гэта для нас самае галоўнае дасягненне”.


Дарэчы, пра “Тузін”. У наступным годзе партал адзначыць сваё 10-годдзе. Сяргей Будкін спадзяецца, што юбілей атрымаецца зрабіць на вуліцы Тузіна ў Клецку. Тады ён будзе абсалютна задаволены. Дарэчы, у бліжэйшы час у он-лайн-рэжыме “тузінаўцы” узгадаюць сёлетнія дасягненні іншых беларускіх выканаўцаў. Чакаем!

Фота: www.budzma.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі