Альтэрнатыўны брэнд Мінска: Азаранка абганяе Лукашэнку
Сімвал сталіцы ў форме QR-кода ў нацыянальным арнаменце, Нацыянальнай бібліятэкі і сэрца(фота).
“Людзі, якімі можа ганарыцца Мінск: Машэраў набраў 28%, Азаранка — 17%, Лукашэнка — 14%”, — прыводзіць вынікі даследаванняў Вольга Фаблінова, спецыяліст дэпартамента даследаванняў кампаніі “Satio”. — Галоўныя характарыстыкі Мінска: чысціня, прыбранасць, архітэктура, людзі, прыгажосць”.
Дызайнеры бачаць Мінск праз QR-код (які не чытаецца) у форме нацыянальнага узору , праз рознакаляровыя літары, у форме сэрца Еўропы і нават Нацыянальнай бібліятэкі.
“Больш за 40 канцэпцый ад розных людзей, навучальных устаноў. Гэта тое, з чаго горад мусіў пачынаць працу па прыцягненні для гэтага гараджан. Больш за 80% мінчукоў гатовыя ўдзельнічаць у распрацоўцы брэнда”, — упэўнівае “капітан” зборнай Мінска па брэндзінгу Жанна Грынюк.
Але з уладамі горада пакуль супрацоўнічае брытанская кампанія Instid, якая прапануе блакітны патэрн як сімвал сталіцы. Менавіта гэтая кампанія выйграла тэндар на распрацоўку брэнда за 300 мільёнаў рублёў. Зборная па брэндзінгу існуе як альтэрнатыва, якая звярнулася да мэра з просьбай не спяшацца прымаць варыянт ад брытанскай кампаніі.
“Канчатковы варыянт будзе прыняты ў ліпені”, — расказваюць у Інфармацыйна-турысцкім цэнтры "Мінск", які працуе з брытанскай кампаніяй. Альтэрнатыўных варыянтаў там пакуль не бачылі. Але калі такія з’явяцца то, абяцаюць:“Іх будуць разглядаць у Мінгарвыканкаме”.
Як нечакана стала вядома Еўрарадыё, Алена Пліс, якая была дырэктарам Інфармацыйна-турысцкага цэнтра “Мінск” і актыўна займалася брэндам, больш там не працуе.
“Звольнілася па сваім жаданні”, — гавораць у Мінгарвыканкаме.
Зборная па брэндзінгу таксама прызнае, што альтэрнатыўныя варыянты пакуль “сырыя”.
“Запрашаю ўсіх на адкрытае паседжанне, каб прыняць рашэнне, што далей рабіць з канцэптамі, бо ўсе яны яшчэ сырыя”, — кажа Жанна Грынюк.
І дадае, што ўлады горада пакуль не цікавіліся гэтымі праектамі.
Нагадаем, яшчэ летась у чэрвені ўлады горада абвясцілі конкурс для распрацоўшчыкаў брэнда Мінска. Бюджэту ён мусіў абысціся ў 300 мільёнаў рублёў.
Прапануем варыянты розных канцэпцый для брэнда Мінска:
Канцэпцыя Аляксея Лацінніка
Кацэпт ад кампаніі "Фабула"
Агенцтва USSO Design (Узбекістан)
Канцэпцыя кампаніі tut.by
Канцэпцыя Аляксандра Дземедзюка
Канцэпцыя ад Уладзіміра Лебедзева
Канцэпт ад кампаніі "Белая корона"