Арганізатары “Спортлато” судзяцца з незалежнай журналісткай

Арганізатар латарэі “Спортлато”, кампанія “Спорт-пары”, вінаваціць незалежную журналістку Наталлю Чухно ў паклёпе. Адпаведны пазоў ужо ў чацвёрты раз трапіць на разгляд суда, на гэты раз – брэсцкага абласнога. Яблыкам разладу стаў артыкул у газеце “Брэсцкі кур’ер”, у якім Наталля Чухно апісвала свае пошукі таямнічага ўладальніка джэкпоту ў 760 мільёнаў рублёў.

“Яны падалі пазоў на абарону дзелавой годнасці і рэпутацыі і абвінавачваюць мяне ў тым, што я выставіла іх у дурным святле, паказала іх фірму як фірму машэннікаў, ― распавяла Еўрарадыё сама журналістка. ― Але справа ў тым, што ў сваім матэрыяле я толькі прадстаўляла факты, што я рабіла, да каго звярталася, што мне адказвалі. Асабістай ацэнкі там не было. Я нікога не абражала”.

Па словах журналісткі, з першым пазовам у суд Маскоўскага раёна Брэста арганізатары латарэі звярнуліся яшчэ ў снежні мінулага года. Яны запатрабавалі апублікаваць абвяржэнне і выплаціць 700 мільёнаў рублёў. Суд палічыў такую суму неабгрунтаванай, і у выніку прадстаўнікі “Спорт-пары” папрасілі… 150 тысяч рублёў. Раённы суд пазоў разгледзеў і перадаў справу ў гаспадарчы. Там арганізатары латарэі папрасілі 350 тысяч, паколькі раслі выдаткі. Гаспадарчы суд, які адбыўся 26 лютага, таксама адмовіўся выносіць рашэнне і перадаў справу ў абласны суд Брэста.

Нагадаем, гэтая гісторыя пачалася 11 кастрычніка мінулага года, калі ў 105 тыражы гульні “Спортлато 5 з 36” жыхар Брэста выйграў больш за 760 мільёнаў рублёў. За выйгранымі мільёнамі ён прыйшоў толькі праз 3 тыдні. Як паведамлялася на сайце “Спорт-пары”, уладальнікам супер-прыза стаў 24 гадовы студэнт 5 курса Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Міхаіл. У інтэрв’ю “Спорт-пары” мільянер распавёў, што ўсе выйграныя грошы адразу патраціў: купіў кватэру ў Мінску, машыну БМВ, 2 вінаграднікі ва Ўкраіне і дапамог двум дзіцячым дамам.

Знайсці вядомага земляка вырашыла і брэсцкая журналістка Наталля Чухно. У пінскім доме дзіцяці, куды ўладальнік джэкпота пералічыў грошы, яна даведалася, як звалі шчасліўчыка. Аднак людзей з такім або сугучным прозвішчам у Брэсце яна не знайшла.

А вось у судовым пазове “Спорт-пары” прыгадвалася іншае прозвішча і імя па бацьку ўладальніка 760 мільёнаў. Студэнт з такім іменем сапраўды знайшоўся ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце. Праўда, на іншым курсе, кажа Наталля Чухно.

Наталля Чухно: “У газеце “Брэсцкі кур’ер” мы запрасілі даведку, ці такі студэнт вучыцца. І нам даслалі такое пацверджанне. Праўда высветлілася, што ён вучыцца не на 5 курсе, як паведамлялася на сайце “Спорт-пары”, а на 4!”

Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Андрэй Бастунец расказаў Еўрарадыё, што ў апошнія гады колькасць пазоваў да журналістаў і СМІ, у першую чаргу незалежных, зменшылася. І нават здараюцца выпадкі, калі ім удаецца ў судзе даказаць, што прэтэнзіі да іх былі неабгрунтаванымі.

Андрэй Бастунец: “Пару гадоў таму было два пазовы да Intex-press з Баранавічаў і ў абодвух выпадках газета змагла выйсці пераможцам у гэтых судовых працэсах. Не так даўно ў Брэсце быў гумарыстычгы працэс з нагоды публікацыі аднаго фельетона. І там таксама “Брэсцкі кур’ер” пасля доўгіх разборак змог выйсці пераможцам”.

Па яго словах, журналісты альбо газета могуць адстаяць свае правы ў судзе ў тым выпадку, калі ў справе няма палітычнай падаплёкі. Альбо калі не выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс – калі пазовы, па словах Бастунца, не індуцыраваны ўладамі.

Андрэй Бастунец: “У тых выпадках, калі яны “змагаюцца” з прадстаўнікамі ўлады, тут ужо вынікі іншыя і цяжка прыгадаць, калі суды выносілі прысуд на карысць СМІ”.

У якасці прыклада ён прывёў зыск Алега Праляскоўскага, былога кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, і былога старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакова да “Народнай волі”. І зыск былога сенатара Мікалая Чаргінца да газеты Новы час” і журналіста Аляксандра Тамковіча. Сумы зыскаў, спагнаных з газет, вагаліся ад 15 да 60 тысяч долараў.

Дарэчы, у сваім пазове “Спорт-пары” напісала, што Наталля Чухно ― гэта журналістка “са скандальнай рэпутацыяй, якая ўжо неаднойчы ў сваіх пасквілях абражала прадстаўнікоў улады і нават кіраўніка дзяржавы”. Гэтыя словы сама журналістка лічыць паклёпам з боку арганізатараў латарэі і нават думае падаваць сустрэчны пазоў у суд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі