Падчас прэзентацыі новага ЕР AVIAS упершыню сыгралі "Гранж"
На прэзентацыі свайго міньёна "Смецце" у мінскім RE:PUBLIC гурт выдаў усё, што меў — у тым ліку і парачку новых песень.
У нядзелю 9 верасня, калі Мінск адыходзіў ад Дня горада, у сталічным клубе RE:PUBLIC гурт AVIAS нажыва прэзентаваў свой другі міньён пад назвай "Смецце" і пад сцягам Армагедону. У якасці сапарту музыкі запрасілі гурты Sub Rosa Dictum і North Aurora.
North Aurora
Адыграўшы пару песень, AVIAS звярнуліся да тых, каму іх міні-альбом падаецца надта дэпрэсіўным. Фронтмэн Раман Сухоцкі вінавата спрабаваў падбадзёрыць прысутных, але яго калега, гітарыст Фунт заявіў, што Апакаліпсіс ужо побач, усё кепска і няма, чаму радавацца. Публіка падтрымала перспектыву радаснымі воклічамі. У сваю чаргу, падтрымаем музыкаў, бо стылістыка grunge, якой яны сімпатызуюць, сапраўды не прадугледжвае бурнага вяселля.
Каля гадзіны спатрэбілася AVIAS для таго, каб сыграць усе песні, якія меліся ў іх арсенале і яшчэ парачку новых — адна з іх пад назвай "Гранж", як тлумачаць музыкі — "пра гранж і прысвячаецца гранжу", а другую ўмоўна назавём "Антынаркатычная", бо афіцыйнай назвы яна не мае, але канцэпцыя зразумелая. Карацей, мяркуючы па ўсім, AVIAS рэкамендуюць назіраць за падзеннем у бездань гэтага свету цвярозмі вачыма.
"Разынка" AVIAS бубначка Віка. "Віка мы цябе любім!" — перыядычна вішчэў натоўп.
Інтэнсіўнасць стэйдждайвінгу можна азначыць як вельмі умераную. Гэта быў толькі другі канцэрт у сезоне, таму можам меркаваць, што аматары даваць нырца ў чалавечыя масы пакуль не набралі форму.
На жаль, галоўная праблема клуба RE:PUBLIC — кепская акустыка — за летнія вакацыі так і не вырашылася. У выніку, скласці ўцямнае ўражанне пра ЕР "Смецце", прэзентацыі якога ўласна і быў прысвечаны канцэрт, наўрад ці ў кагосьці атрымалася. Таму нагадваем, што "Смецце" усё яшчэ можна скачаць і паслухаць на нашым сайце вось тут.