Баранаў: Песня "Rhythm of Love" — выдатная, ніхто не кажа, што яна дрэнная
Прадзюсар Алёны Ланской Дзмітрый Баранаў не выключае, што песня для "Еўрабачання" і не будзе змененая.
Еўрарадыё: З’явілася інфармацыя, што вырашана замяніць песню, з якой Алёна Ланская паедзе на "Еўрабачанне"...
Дзмітрый Баранаў: Сёння пройдзе пасяджэнне, скажам так, экспертнай групы, якая складаецца з прадстаўнікоў Белдзяржтэлерадыёкампаніі і прадзюсарскага цэнтра “Спамаш”, дзе мы разгледзім варыянты песень, і, я спадзяюся, нарэшце вызначымся.
Еўрарадыё: А чаму ўвогуле ўзнікла тэма замены песні? З песняй "Rhythm of Love" Алёна выйграла нацыянальны адборачны тур.
Дзмітрый Баранаў: Песня "Rhythm of Love" — выдатная, і ніхто не кажа, што дрэнная. Тым больш што яна перамагла ў нацыянальным адборы. Але ў адпаведнасці з правіламі Еўрапейскага вяшчальнага саюза не забараняецца мяняць песню — да сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый краін-удзельніц "Еўрабачання", якая пройдзе ў Мальмё з 16 па 18 сакавіка. І шэраг краін заўсёды прыбягае да гэтага кроку. Я зараз не хачу тлумачыць, чаму мы да яго звяртаемся, але магчыма, што песня і не будзе замененая. Проста ў гэтым годзе як ніколі маем велізарны выбар — мы праслухалі і прагледзелі 64 песні, якія былі прапанаваныя для "Еўрабачання". Гэта песні як айчынных, так і замежных аўтараў. Тады праходзіў папярэдні адсеў, і зараз мы маем некалькі паўнавартасных твораў. Мне як прадзюсару вельмі цяжка нешта пра іх казаць, неяк іх характарызаваць — яны дастаткова моцныя, кожная можа паехаць у Мальмё і годна прадставіць нашу ўдзельніцу. Таму — будзем выбіраць. Вядома, хочацца шукаць варыянты для найлепшага выступу.
Еўрарадыё: Але песня бельгійскага кампазітара Марка Пэлінка "Solayoh" у вас у прыярытэце?
Дзмітрый Баранаў: Ніякага прыярытэту няма, і мяне самога сітуацыя гэта здзіўляе — я не магу яе каментаваць. Для мяне вылучэнне яе ў нібыта прыярытэты стала такой жа нечаканасцю, як і для ўсіх вас.
Еўрарадыё: А як вы, прадзюсар, гэтую песню ацэньваеце? Дарэчы, што азначае назва "Solayoh", на якой гэта мове?
Дзмітрый Баранаў: Я зараз не хачу размаўляць пра гэту песню — неяк выдзяляць яе з шэрагу іншых твораў. Навошта мы зараз будзем рабіць акцэнт менавіта на гэтай песні, калі пакуль не зразумела, з якой песняй Алёна паедзе на "Еўрабачанне"?
Еўрарадыё: Напярэдадні конкурсу ўдзельнікі едуць у еўратур — чаму нічога пра такі тур не чуваць у Ланской?
Дзмітрый Баранаў: Атрымліваем і зараз запрашэнні ад шэрагу еўрапейскіх краін. Хутчэй за ўсё, мы будзем браць удзел у нацыянальным фінале, які пройдзе 9 сакавіка ў Румыніі, у Бухарэсце. Там будзе вызначацца румынскі ўдзельнік і тая песня, з якой ён паедзе на "Еўрабачанне". А таксама 16 сакавіка наведаем нацыянальны фінал у Малдове — рэспубліцы, якая знаходзіцца ў нашым паўфінале, у нашай падгрупе. Запланавалі выступы і ў іншых еўрапейскіх краінах. Але лепш пра гэта пагаварыць асобна пазней. Бо ёсць вечарынкі, якія ладзяцца арганізатарамі "Еўрабачання", і мы зараз разглядаем запрашэнні, абмяркоўваем умовы удзелу ў гэтых мерапрыемствах.
Еўрарадыё: Для пастаноўкі нумара ўдзельнікі запрашаюць прафесійных рэжысёраў-пастаноўшчыкаў — што ў вас робіцца ў гэтым накірунку?
Дзмітрый Баранаў: Як мы можам займацца пастаноўкай нумара, калі мы яшчэ не ведаем тую песню, з якой паедзе Алёна на "Еўрабачанне"?! Як толькі вызначымся з песняй, я спадзяюся, што гэта адбудзецца сёння-заўтра, то адразу пачнём шукаць лепшую ідэю на пастаноўку нумара. І не важна, хто яе прапануе — айчынны ці замежны харэограф ці рэжысёр. Будзем разглядаць усё і шукаць найлепшую ідэю.
Еўрарадыё: На якіх умовах прапанаваныя вам тыя 64 песні — кампазітары проста хочуць выкарыстаць магчымасць для ўласнага піяру ці патрабуюць за іх грошы?
Дзмітрый Баранаў: Я мяркую, што ўзяць удзел у конкурсе "Еўрабачанне", самым прэстыжным міжнародным музычным спаборніцтве на еўрапейскай арэне — гэта, канешне, гонар для любога аўтара. Па-рознаму складаюцца адносіны, але лепш вам гэта пытанне задаць самім аўтарам — Бог ведае, чым яны кіруюцца, калі прапаноўваюць песню! Але я так разумею, што яны вераць у сваю песню, вераць у Алёну і вераць у паспяховы выступ.
Еўрарадыё: Пісалі, што, нібыта, за сваю песню Філіп Кіркораў запатрабаваў вялікія грошы з Ланской. Дарэчы, навошта ёй яшчэ адзін прадзюсар, у дадатак да вас, нават калі гэта і сам Філіп Бядросавіч?
Дзмітрый Баранаў: Асабіста я, сумесна з Філіпам, у 2007 годзе прывёў Беларусь да пакуль найлепшага, найвышэйшага выніку на гэтым конкурсе — мы занялі 6-е, а зараз ужо кажуць, што 5-е месца, на гэтым конкурсе. Да чаго нейкія каментары, калі вынік кажа сам за сябе.
На жаль, Філіп не прапаноўваў нам песню, гэтай песні не было, пра якую казалі. Але калі гэта песня з’явіцца, альбо калі мы зможам дамовіцца пра нейкае выгаднае для абодвух бакоў супрацоўніцтва, то мы будзем супрацоўнічаць. Для нас гэта будзе гонар.
Еўрарадыё: Да гэтага часу мы не бачылі ніякай відэавізітоўкі Алёны…
Дзмітрый Баранаў: Найперш нам трэба вызначыцца з песняй. Гэта — конкурс песні і, адпаведна, вобраз, імідж, стыль, знешняе прадстаўленне нумара — яны павінны вынікаць з песні. Яны павінны быць у гармоніі і з самой Алёнай, і з гучаннем.
Еўрарадыё: За кім у выбары песні будзе апошняе слова?
Дзмітрый Баранаў: Я думаю, што гэта павінна быць калектыўнае рашэнне.
Еўрарадыё: А да якой песні больш схіляецца Алёна, вы?
Дзмітрый Баранаў: Усе песні, якія ёсць, аднолькава моцныя творы, кожны мае нейкую перавагу і вартасць. Таму сёння не трэба выдзяляць нейкую адну з прапанаваных нам песень.