Баранаў: За песню для "Еўрабачання" бельгійскі кампазітар не ўзяў і капейкі
Чаму песню айчыннага кампазітара замянілі на карысць бельгійскага, Еўрарадыё распавядае прадзюсар Ланской Дзмітрый Баранаў.
Еўрарадыё: Ужо вядома, што Алёна Ланская едзе на "Еўрабачанне" з песняй "Solayoh". Асабіста мне, з пачуцця патрыятызму, больш прыемна было б пачуць моцную песню беларускага кампазітара, чым бельгійскага…
Дзмітрый Баранаў: Як бы хто ні казаў, што для нас галоўнае — удзел, усе чакаюць добрага выніку ад удзелу ў конкурсе. Конкурс — міжнародны, і каманды артыстаў таксама ўжо даўно з’яўляюцца міжнароднымі. Бо песня не ведае межаў, музыка не мае нацыянальнай прыналежнасці. Па вялікім рахунку, мы ідзём пад сцягам Беларусі, гэта — наша каманда, і ўсе складнікі, якія накіраваныя на поспех, у выніку будуць апраўданыя. А песня Леаніда Шырына, насамрэч, была нічым не горшая, яна перамагла на нацыянальным адборы, і Леанід Леанідавіч ужо ўвайшоў у аналы айчыннай гісторыя "Еўрабачання" гэтага года адназначна.
Еўрарадыё: У сацсетках з’явілася інфармацыя, што песня, абраная для "Еўрабачання", раней ужо выкладалася ў інтэрнет — праўда, крыху пад іншай назвай.
Дзмітрый Баранаў: Песня ў дадзенай аранжыроўцы, у такім гучанні нідзе раней не публікавалася і не гучала, яе не было ў інтэрнеце. Мы таксама атрымалі пэўную інфармацыю з інтэрнету і адразу зрабілі адпаведны запыт у Еўрапейскі вяшчальны саюз — і атрымалі дазвол на выкарыстанне гэтай песні ў конкурсе “Еўрабачанне-2013”.
Еўрарадыё: Колькі грошай ужо ўклаў прадзюсарскі цэнтр “Спамаш” у падрыхтоўку Алёны Ланской да ўдзелу ў конкурсе "Еўрабачанне"?
Дзмітрый Баранаў: Падрыхтоўка нумара выканаўцы для конкурсу "Еўрабачанне" толькі зараз пачынаецца. Я магу сказаць, што бельгійскі кампазітар Марк Пэлінк падараваў песню Алёне — ён верыць, што яна можа заняць годнае месца на конкурсе сёлета. Ну, і да ўсяго, далей мы яшчэ будзем разбірацца — хто і за што будзе плаціць (паводле ўмоваў новага Палажэння, і сам нумар, і касцюмы да яго робіць сам выканаўца і яго прадзюсарская група. — заўв. Еўрарадыё). Бо толькі зараз, маючы канчатковае рашэнне наконт песні, мы можам працаваць над комплексным рашэннем нумара, відэакліпа, стылю, іміджу, касцюмаў. Зараз мы сумесна з БТ працуем над нейкімі творчымі канцэпцыямі. Калі будзе зацверджаная творчая канцэпцыя, тады мы зможам казаць і пра нейкае яе фінансавае ўвасабленне.
Еўрарадыё: У размове з Еўрарадыё кіраўнік праекта "Еўрабачанне-2013" Вольга Шлягер сказала: “Трэба ўлічваць, як сама артыстка гэта адчувае, наколькі ёй камфортна выконваць тую ці іншую кампазіцыю”. Як Алёна галасавала, для яе гэта песня “камфортная”? Як вы асабіста галасавалі?
Дзмітрый Баранаў: Рашэнне прынятае, і давайце мы зараз не будзем раскрываць карты, як хто галасаваў. Вольга Шлягер сказала вельмі дыпламатычна, тое, што яна сказала, канешне, вельмі важна. Як важныя і яшчэ шмат якія фактары. Але нельга казаць, што перавага ў прыняцці рашэння павінна быць у Алёны ці яшчэ кагосьці. Бо выступ на песенным конкурсе — гэта вялікая праца кожнай шрубкі ў механізме. Няма ж рэцэпта перамогі ці паспяховага выступу на гэтым конкурсе. Хто вынайдзе гэты рэцэпт, можа прэтэндаваць на атрыманне Нобелеўскай прэміі. Песня, вакал, пастаноўка нумара, кліп, харэаграфічная пастаноўка — усё разам сёння дае нейкі вынік. "Еўрабачанне" — больш, чым проста конкурс песні. Артысты дэманструюць шоў на сцэне, крэатыўныя ідэі, нейкія тэхнічныя дасягненні.