“Бардаўскую восень” выйграла ўдзельніца, маладзейшая за сам фестываль

111024 Eurafokus.mp3

Распачаўся ён 21 кастрычніка ў Доме культуры горада Бельск Падляшскі. Арганізатары імпрэзы – Звяз беларускай моладзі.

Віктар Мароз, адзін з удзельнікаў фестываля, прыехаў у Бельск упершыню. Бард распавёў Еўрарадыё пра тое, што найбольш  уразіла яго ў “Бардаўскай восені”.

Мароз: Тут столькі цікавых людзей, аднадумцаў! З творчымі людзьмі цікава проста паразмаўляць, бо потым думкі іх часта выліваюцца ў песні.

Як і ў папярэднія гады, на фестываль прыехала кампетэнтнае ды аўтарытэтнае журы. Адзін з яго сябраў – вядомы беларускі выканаўца Зміцер Вайцюшкевіч. Як сведчыць сам Зміцер, быць у журы для яго – вельмі асабістае.

Вайцюшкевіч: З аднаго боку - гэта пачэсны абавязак, а з іншага  –  магчымасць у адным канцэрце паслухаць і пабачыць шмат выканаўцаў, адзначыць на будучыню перспектыўных. Я хацеў бы, каб удзельнікі “Бардаўскай восені” ведалі, што гэта проста конкурс, а не нешта лёсавырашальнае. А конкурсы– гэта вялікая магчымасць для маладых выканаўцаў.

Яшчэ адзін сябра журы, мастак, дызайнер і паэт Міхал Анемпадыстаў, распавёў, чым для яго з’яўляецца горад Бельск Падляшскі і што асабіста для яго ў бардаўскай песні найбольш важнае.

Анемпадыстаў: У літарутуры ёсць шмат твораў, у якіх расказваецца пра такія месцы, дзе жывуць шчаслівыя людзі, дзе сустракаюцца добря таленавітыя творцы, дзе сябры, дзе заўжды добрае надвор’е. Вось для мяне Бельск – такое сакральнае месца. Бардаўская песня – гэта сінтэз слова, музыкі, інструментальнай часткі, а таксама асобы выканаўцы. Чалавеку даецца мінімум сродкаў, і, дзякуючы гэтым сродкам, ён павінны данесці да слухачоў свой “message”, прымусіць іх задумацца, суперажываць.

 Гран-пры фестываля “Бардаўская восень 2011” атрымала семнаццацігадовая Паліна Паланейчык з Мінска. Студэнтка Акадэміі мастацтваў выступала пад псеўданімам Паліна Рэспубліка. Дзяўчына кажа, што не чакала, што выйграе, тым больш, што сам фестываль на год старэйшы за яе.

Паланейчык: Фестываль, мне вельмі спадабаўся. Ён такі «хатні», усе здаваліся роднымі. Я нават не адчувала, што гэта конкурс, і таму было не так складана выступаць. Мяркую, што поспех на «Бардаўскай восені» стане стымулам для мяне, каб працаваць і далей, а таксама каб рабіць якасную музыку.

Традыцыйна сваіх пераможцаў сярод удзельнікаў вызначылі радыё «Рацыя» і адміністрацыя Бельскага павета. Імі сталі гурт «Тэмпера» і Раман Абрамчук.

 Завяршыўся 18-ты па ліку фестываль “Бардаўская восень” канцэртам лаўрэатаў у беластоцкім тэатры лялек.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі